Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 163)
Яшчэ ў сяле сваім дзяўчатак
Перабірае, падзяржыць
Ў год байструкоў сваіх з дзесятак,
Калі іх вынесуць хрысціць,—
I гэта ўсё... Кругом паскуда!
Чаму ж яго не так завуць?
Чаму ў аблічча не плююць?
Чаму не топчуць?! Людзі, людзі!
За шмат гнілое каўбасы
У вас хоць матку папрасі,
Дык аддасцё. Не жаль на злога,
На п’янага Пятра крывога,
А жаль вялікі на людзей,
На тых юродзівых дзяцей!
Кос-Арал
1848
Г. З.[174]
Гарчэй няма, чым у няволі
Пра волю ўспамінаць. А я
Ізноўку, волечка мая,
Цябе прыгадваю. Ніколі
Больш не здавалася ты мне
Такой прыгожа-маладою
I чараўнічаю такою,
Як тут, у дальняй старане,
Дый шчэ ў няволі. Доля! Доля!
Мая праспеваная воля!
Хоць глянь на момант з-за Дняпра,
Хоць усміхніся з-за...
I ты, мая адзіная,
Устаеш з-за мора,
3-за туману, слухмяная,
Ружовая зора!
I ты, мая адзіная,
Вядзеш за сабою
Леты мае маладыя,
I перада мною,
Нібы мора, выступаюць
Шырокія сёлы
З вішнёвымі садочкамі
I народ вясёлы.
Тыя людзі, сяло тое,
Дзе мяне вітаці,
Быццам брата, ішлі. Маці!
Старэнькая маці!
Ці збіраюцца й дагэтуль
Вясёлыя госці
Пагуляці у старое,
Пагуляці проста,
Па-даўняму, па-старому,
З вечара да ранку?
А вы, мае маладыя
Чорныя смуглянкі,
Вясёлыя дзяўчатачкі,
I дасюль у старое
Танцуеце? А ты, доля?
А ты, мой спакою?
Маё свята-чарнаброўка,
I дасюль у старое
Ціха, пышна пахаджаеш?
I тымі вачыма,
Аж чорна-блакітнымі,
I дасюль кранаеш
Душы хлопцаў? Ці й дагэтуль
Марна паглядаюць