Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 157)
Крутых, глыбокіх — скрозь нам хата!
Было дзе пагуляць заўзята
I адпачыці дзе было.
Мяне гаспадаром абралі,
Сям’я мая штодзень расла
I ўжо да сотні дарастала.
Як з парасятаў кроў цякла,
Я ўсё знішчаў, што панам звалі,
Без літасцівасці і зла,—
А нішчыў так. I сам не знаю,
Чаго хацеў у тыя дні?
Я тры гады хадзіў з нажамі,
Нібыта п’яны той разнік.
Да слёз, да смерці, да пажару —
Я да ўсяго тады прывык.
Было, як жабу на жыгале,
Дзіцёнка спражыш на агні
Ці возьмеш голую паненку,
Распяўшы, пусціш на кані
Ў шырокі стэп.
Усё, усё тады бывала —
I ўсё не цешыла ані...
Адурэў я, цяжка стала
Ў нетрах жыць, бадзяцца,
Думаў сам сябе зарэзаць,
З светам развязацца.
I зарэзаў бы... Ды дзіва,
Цуд нябачны стаўся
Нада мною, недалюдкам...
Досвітак займаўся,
Выйшаў я з нажом аднойчы
З Броварскага лесу[149],
Каб зарэзацца. Гляджу я,
Як хто з неба звесіў
Святы Кіеў наш вялікі!
Святым цудам ззяюць
Храмы божыя, нібыта
З богам размаўляюць.
Пазіраю, а сам млею.
Ціха зазванілі
У Кіеве, як на небе,
О божа мой мілы!
Які дзіўны ты!.. Я плакаў,
Да полудню плакаў...
І мне гэтак добра стала:
Нават ані знаку
Той нуды не засталося,—
Як перарадзіўся...
Паглядзеў на свет навокал
I перахрысціўся,
Ды пайшоў паволі ў Кіеў
Госпада маліці,
Ды суда, суда людскога
У людзей прасіці.
Орская крэпасць
1848
***
Ой, гляну я, падзіўлюся
На той стэп, на поле:
Ці не дасць бог літасцівы
Хоць на старасць волі?
Пайшоў бы я на Ўкраіну,
Пайшоў бы дадому,
Там бы мяне прывіталі,
Радыя старому;