Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 158)
Там бы я спачыў хоць трохі,
Молячыся богу;
Там бы я... Ды шкода й думкі —
Не будзе нічога.
Як жа ж гэта у няволі
Жыці без надзеі?
Людзі добрыя, наўчыце,
А то адурэю!
Орская крэпасць
1848
ЦАРЫ[150]
Сястра старая Апалона[151]!
Калі б вы часам, хоць на час,
Прыдыбалі б такі да нас,
Ды, як бывала у дні оны,
Узвысілі б свой божы глас
Да оды пышна-баявое,
Дый захадзіліся абое
Цароў, напрыклад, апяваць!
Бо як папраўдзе вам сказаць,
Дык вельмі ўжо і мне самому
Абрыдлі тыя мужыкі,
Пакрыткі, панічы, панкі;
Хацелася б сагнаць аскому
На каранованых галовах,
На тых памазанніках божых...
Ды што ж? Не ўтну! А як паможаш,
Пакажаш птахаў тых упрах
Скубці і патрашыць, дык, можа,
Й мы патрымаем у руках
Памазаннікаву чупрыну.
Пакіньце ж свой святы Парнас[152],
Прыдыбайце хоць на гадзіну
Ды хоць старэнькі божы глас
Узвысьце, дзядзіна! Ды ладам,
Ды добрым складам, хоць на час,
Хоць на гадзіначку у нас
Мы венцаносную грамаду
Пакажам спераду і ззаду
Сляпым людзям. У добры час
Давай пачнём, мая парада!
І
У Ерусаліме не бачна нікога.
Вароты замкнёны, як быццам чума
Ў Давідавым месце[153], захованым богам,
Сядзіць на пляцы. Не, чумы — дык няма!
А горшае ліха, благая часіна
Пакрыла Ізраіль: царова вайна!
Князі царовы, і ўсе сілы,
I юнакі, і ўвесь народ,
Замкнуўшы ў горадзе ківот,
Гурмой у поле павалілі
I там у бітвах сірацілі
Маленькіх дзетачак сваіх.
А ў месце маладыя ўдовы,
Ў сваіх святліцах адмысловых
Замкнуўшыся, дзяцей малых
Калышуць, плачучы. Прарока,
Давіда, прагнага цара,
Клянуць свайго гаспадара.
А ён, узяўшыся у бокі,
Па даху кедравых палат
У срэбнай рызе пахаджае
I, нібы кот той, пазірае
На сала, на зялёны сад