Часіна цяжкая настала,
Насталі цяжкія гады!
Я за сахой працую дбала,
Я сірата быў малады,
Як у суседа падрастала
У наймах дзеўчына. I я...
О доля! Долечка мая!
О божа мой! О мой адзіны!
Тады малой была дзяўчына,
Амаль зусім дзіцём была...
Не нам цябе судзіць, магутны.
Дык вось яна мне на пакуты
Ды на пагібель падрасла.
Не давялося й наўглядацца...
А я ўжо думаў з ёй пабрацца,
У весялосці й згодзе жыць,
Людзей і госпада хваліць...
А давялося...
Накупілі
Крамніны, піва наварылі,
Не давялося толькі піць.
Бахур старое пані сівы
Украў крамніну, выліў піва,
Пусціў пакрыткаю... Дарма.
Мінула... непатрэбна!.. Годзе
Цяпер і ўспамінаць. Няма,
Няма, мінулася жахліва...
Пакінуў я саху і ніву,
Пакінуў хату і гарод,
Усё пакінуў. Чорт назводзіў
Стаць мне за пісара ў народзе.
То сяк то так мінае год.
Пішу сабе, з людзьмі бываю
Ды хлопцаў добрых падбіраю.
Мінуў другі... I па вясне
Паны дамоў папрыязджалі,
Ужо засватаныя. Шмат
Пілі яны ў двары, гулялі,
Свайго вяселлейка чакалі
Ды нашых маладых дзяўчат,
Як бугаі, перабіралі,—
Вядома, панічы. I вось
I мы чакаем іх вяселля...
I нейк на Сёмуху ў нядзелю
Іх і звянчалі разам двох,
У іх дваровым жа касцёле.
Яны, бач,— ляхі. I ніколі
Нічога лепшага сам бог
Не бачыў на зямлі вялікай,
Як маладыя іх былі...
Зайгралі весела музыкі,—
Іх ад касцёла павялі
Ў нанова ўбраныя пакоі...
А мы і стрэлі іх і ўсіх —
Княжат, панят і маладых,—
Усіх парэзалі. Крывёю
Вяселле ўмылася! Не ўнік
Нажа ніводзін каталік:
Усе зляглі, як парасяты,
Ў смуродным багнішчы. А мы,
Управіўшыся, новай хаты
Пайшлі шукаці і знайшлі
Сабе зялёны дах багаты
У цёмным лесе. У лугах,
У вольных стэпах, у ярах