Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 155)
Стары той быў. Нейк мы ў нядзелю
Адзін другога ў полі стрэлі
I сталі гутарыць. Стары
Згадаў сваю Валынь святую
I волю-долю маладую,
Сваю бывалынчыну. I мы
За валам у траве прыселі
I гаварылі, што хацелі,
Адзін другому. «Доўгі век! —
Стары сказаў: усё ад бога!
Ад бога ўсё! А сам нічога
Дурны не зробіць чалавек!
Я марна сам, як ты пачуеш,
Я сам свой пакалечыў век.
I ні на кога не сярдую,
I ні ў каго вось не прашу я,
Нічога не прашу. Вось так,
Мой сыне, дружа мой адзіны,
Так і загіну на чужыне
Ў няволі». I стары варнак
Заплакаў ціха. Сівы браце!
Пакуль жыве надзея ў хаце,—
Няхай жыве, не выганяй!
Няхай зрэдку хоць сагрэе
Пустку жар у печы
I пальюцца маладыя
Слёзы з воч старэчых;
I, умытае слязамі,
Сэрца адпачыне,
Паляціць яно з чужыны
У сваю краіну!
— Багата шмат чаго не стала,—
Сказаў стары.— Вады нямала
У мора з Іквы уцякло...
Над Ікваю[148] было сяло.
У тым сяле на гараванне
Ды на пагібель вырас я.
Ліхая долечка мая!..
У нашае старое пані
Малыя панічы былі,
Якраз равеснікі са мною.
Яна й бярэ мяне ў пакоі
Сынкам на забаўку. Раслі,
Раслі паняты, вырасталі,
Нібы шчаняты. Пакусалі
Не аднаго мяне былі.
Вось і вучыць іх пачалі
Чытаць, пісаць. На безгалоўе,
Вучуся й я. Слязамі! Кроўю!
Пісьмо лілося тое... Нас,
За панскіх тых сабак таннейшых
Вучыць чытаць?!
Маліцца богу,
За сахою спатыкацца,
А болей нічога
Не павінен знаць нявольнік —
Гэта яго доля!
Вось і выўчыўся я, вырас,
Прашу сабе волі:
Не дае і ў маскалі,
Клятая, не голіць.
Што на свеце тут рабіці?
Зноў пайшоў да нівы...
А панічоў у гвардыю
Аддала шчаслівых...