Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 152)
Мярэжаныя зялёна
Нівамі, палямі,
Высокімі курганамі,
Цёмнымі лугамі.
А тут бур’ян, пяскі, талы...
Каб хоць на смех курган які дзе
Казаў аб даўніне, аб крыўдзе.
Нібыта людзі не жылі.
Спрадвек да сёння ў несупыне
Ўцякала ад людзей пустыня,
А мы такі яе знайшлі.
I ўжо турбуем несціхана,
Затое будуць і курганы.
Мы ўсё здабудзем з-пад зямлі!
О мая доля! Мая краіна!
Калі ўжо вырвуся з пустыні?
Ці, можа, крый божа,
Тут і загіну.
Чырвонае пачарнее поле...
— Гайда ў казармы! Гайда ў няволю! —
Няйначай крыкне хто нада мною.
Я прахаплюся. Па-за гарою
Крадком вяртаюся па-над Уралам,
Няйначай злодзей той, па-за валамі.
Вось так я, дружа мой, святкую
Вось тут нядзелечку святую.
А панядзелак?.. Дружа-браце!
Ноч сцішыцца ў смярдзючай хаце.
І прыйдуць думы. Разаб’юць
На стокраць сэрца, і надзею,
I тое, што сказаць не ўмею...
I ўсё на свеце адапхнуць,
I спыняць ноч. I дні гадамі,
Вякамі глуха пацякуць.
I я крывавымі слязамі
Не раз пасцелю апяку.
Гады і дні злічу ў прыкмеце.
Каго я, дзе, калі любіў?
Нікога ў свеце, нікому ў свеце...
Няйнакш па лесе прахадзіў!
А меў жа волю, меў я сілу,
Пазыкі сілу ўсю знасілі,
А воля ў госцях упілася,
Ды да Міколы[141] заблудзіла,
Дый напівацца зараклася.
Не паможа мілы божа,
Як гавораць людзі.
Будзе кайнасці на свеце,
Звароту не будзе.
Гукаю бога, каб віднела.
Як волі, ўсмешкі сонца жду.
Цвіркун замоўк, пабудку б’юць.
Гукаю бога, каб цямнела,
Бо на паганьбішча вядуць
Старога дурня муштраваць,—
Каб знаў, як долю шанаваць,
Каб знаў, што дурня ўсюды б’юць.
Гады мінаюць з ветравею,
Мінула доля, а надзея
Ў няволі за правы свае
Бярэцца і спагадай грэе,
I сэрцу жалю задае.
А можа, і дабро пабачу?
А можа, ліха пераплачу?
Вады Дняпровае пап’ю,