Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 151)
А. В. КАЗАЧКОЎСКАМУ
Даўно было ўсё гэта. Ў школе
Такі ў настаўніка-дзяка
Украду спрытна пятака —
Бо я хадзіў амаль што голлю,
Ушчэнт змарнелы — дый куплю
Паперы аркуш. I зраблю
Малютку-кніжачку. Крыжамі,
I ўзорамі, і васількамі
Вакол лісточкі абвяду
Дый спісваю Скавараду
Альбо «Три царіе со дари»[139]
Ды сам сабе у бур’яне,
Каб не пачуў хто, каб не ўбачыў,
Спяваю я ды плачу.
I давялося зноўку мне
На старасць з вершамі хавацца,
Мярэжыць кніжачку, старацца,
Спяваць да слёз у бур’яне.
I цяжка плакаць. I не знаю —
За што мяне гасподзь карае?
У школе мучыўся і рос,
Сівець у школе змусіў лёс,
У школе дурня й пахаваюць,
А ўсё за тога пятака,
Шо ўкраў маленькім у дзяка,
Вось так гасподзь мяне карае.
Дык слухай жа, мой галубе,
Мой орле-казача!
Як канаю я ў няволі,
Як нуджуся светам.
Слухай, браце, навучай
Сваіх малых дзетак,
Каб не рупіліся змалку
Вершаваць не ў спраце.
Калі ж нехта паквапіцца,
Дык употай, браце,
Няхай сабе у куточку
Вяршуе і плача
Ціхусенька, каб не чуў бог,
Каб і ты не бачыў.
Каб не давялося, браце,
Яму з карай брацца,
Як я цяпер у няволі
Мáю кару, браце.
Няйначай злодзей той з валамі,
Ў нядзелю крадуся я ў поле.
Таламі выйду[140] па-над Уралам
На стэп шырокі, як на волю.
I, пабітае, збалела
Сэрца здрыганецца,
Як рыбанька пад вадою,
Ціха пасміхнецца,
Пакрыляе галубкаю
Па-над чужым полем,
I я нібы ажываю
На полі, на волі.
I на гару высокую
Выходжу, дзіўлюся,
I згадваю Украіну,
I згадаць баюся.
I там стэпы, і тут стэпы,
Ды тут не такія,—
Аж да чырвані рудыя,
А з блакіту тыя,