18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 150)

18
      Дачакаліся... З Чыгрыну       На ўсю слаўную Ўкраіну       Зараўлі званы ў прызвоне,       Каб сядлалі хлопцы коней,       Каб гастрылі шаблі-мечы       Ды збіраліся дарэчы       На вяселле, заляцанне,       На крывавае гулянне.       У нядзельку ды ранюсенька Сурмы-трубы заігралі. У дарогу слаўныя кампанейцы На дасвецці вырушалі. А праводзіла ўдава свайго сына, А ў яе ён быў адзіны. А праводзіла сястра свайго брата. А сіротку сіраціна Праводзіла і каня паіла З крыніцы да зараніцы, Выносіла зброю — шаблю залатую I стрэльбіцу-гакаўніцу. А праводзіла тры полі, тры мілі, Рассталіся пры даліне. А дарыла шоўкам шытую хусціну, Каб прыгадваў на чужыне.             Ой хусціна, хусціначка!       Вышыта ад сэрца.       Толькі той казацкай славы —       Каб акрыць сядзельца.       Вярнулася, ў жалю вяла,       На шлях біты пазірала.       Убіралася ўквячона,       Спадзявалася штодзённа.       А ў нядзельку на курганне       Выглядаць хадзіла ўранні.       Прайшло лета і другое,       На трэцяе — слынна       Вяртаюцца кампанейцы       На сваю Ўкраіну.       Ідзе войска, ўслед другое,       А за трэцім — ціха,       Не глядзі лепш, бяздольная! —       Вязуць табе ліха:       Кітайкай труна акрыта,       Плыве, бы ў нябыце.       А за ёю з старшынёю       Ідзе ў чорнай свіце       Сам палкоўнік кампанейскі,       Характэрнік з Сечы.       За ім ідуць есаулы,       Плачуць па-малечы.       Нясуць паны есаулы       Казацкую збрую:       Літы панцыр пасечаны,       Шаблю залатую,       Тры стрэльбіцы-гакаўніцы       I тры самапалы...       А на зброі... казацкая       Кроў пазасыхала.       Вядуць каня варанога       Капыты разбіты...       А на вараным сядзельца       Хусцінай акрыта. Орская крэпасць 1847— Ніжні Ноўгарад 1858