Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 148)
Людзі абступілі?
У аксамітных шараварах
Дарогу метучы матнёй,
Ідзе казак. «Ой, старасць, старасць!
Што творыш-робіш ты са мной?» —
I ўдарыў раптам у абцасы —
Аж закурыўся пыл! Вось так!
Яшчэ й запеў стары казак:
Па дарозе рак, рак.
Няхай будзе так, так.
Як бы гэта, маладзіцы,
Дам я дыхту абцасам,
Усім ботам дыхту дам.
Дастанецца й перадам!
А ўжо ж такі мае боты
Нагуляюцца з ахвоты!
Дам я дыхту абцасам,
Усім ботам дыхту дам.
Дастанецца й перадам!
Аж да Мяжыгірскага Спаса[135]
Патанцаваў сівы.
А за ім і таварыства
I ўвесь святы Кіеў.
Датанцаваў аж да брамы,
Крыкнуў: — Пугу! Пугу!
Прывітайце, чарнарызцы,
Таварыша з Лугу!
Браму тут жа адчынілі,
Казака ўпусцілі.
I зноў браму зачынілі,
Навек зачынілі
За сівым. А хто ж падаўся
Жыць у муры ціхім?
Сямён Палій, запарожац,
Недабіты ліхам.
Ой высока сонца ўсходзіць,
Нізенька заходзіць.
А па келлі ў доўгай расе
Стары чарнец ходзіць.
Ідзе чарнец у Вышгорад[136]
Паглядзець на Кіеў,
Пасядзець ды пажурыцца
Па тым, што пакінуў.
Ідзе чарнец Дзванковую[137]
У яр ваду піці
Дый згадвае, як жа цяжка
Ідзе чарнец, ідзе ў келлю,
Дзе сцены нямыя,
Дый згадвае свае годы,
Годы маладыя.
Дастае пісьмо святое,
Голасна чытае...
А думкаю чарнец стары
Далёка лятае.
I ціхне мудрасць боскіх слоў,
I, нібы ў Сечы, ажывае
Братэрства ў келлі той, і зноў
Сівы, як лунь, з далёкіх сноў
У вочы гетман[138] зазірае.
Бярдзічаў, музыка іграе,
Масква і бразгат кайданоў,
Бары, снягі і Енісей...
I пакаціліся з вачэй
На расу слёзы... Бі паклоны!
I плоць старэчую ўнімай.