Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 147)
Жыццё ў нас весела ішло!
Не ў шкодзе з ляхамі-братамі,
У згодзе з вольным стэпам самі
Жылі, кахаліся,— цвілі
Лілеі-дочкі ў кожнай хаце,
Сынамі цешыліся маці,
Сынамі вольнымі... Раслі,
Раслі сыны і весялілі
Бацькоўскі век, што адлятаў...
Аж покуль іменем Хрыста
Прыйшлі ксяндзы і запалілі
Наш ціхі рай. I разлілі
Крыві і слёз народных мора,
I крыж Хрыстоў ім быў апорай,
Як распінаць сыноў вялі...
Паніклі казакоў чупрыны,
Нібы стаптаная трава.
I плача-стогне Украіна!
За галавою галава
Дадолу падае.
Лютуе
Бязбожны кат, а ксёндз услед
Крычыць: «Te deum! алілуя!..»
Вось гэтак, ляша, дружа, брат мой,
Ксяндзы-абжоры і магнаты
Нас пасварылі, развялі,
А мы б у згодзе век жылі.
Падай жа нам руку, дай слова
I сэрца чыстае падай!
I зноўку іменем Хрыстовым
Адновім мы наш ціхі рай.
1847
Орская крэпасць — 1850 Арэнбург
ЧАРНЕЦ
У Кіеве на Падоле
Было калісь... I ніколі
Не вернуцца тыя дзеі,
Не вернецца і надзея,
Не вернецца... а я, браце,
Усё ж буду спадзявацца,
Усё ж буду выглядаці,
Сэрцу жалю задаваці.
У Кіеве на Падоле
Братэрская наша воля
Без халопа і без пана
Сама сабой у тумане
Развінула плечы смела,
Аксамітам шляхі сцеле,
А ядвабам насцілае
I нікога знаць не знае.
У Кіеве на Падоле
Казакі гуляюць.
Як ваду, вядром-цабэркам
Віно разліваюць.
Усе шынкі з шынкаркамі,
З вінамі, мядамі
Закупілі запарожцы
Дый п’юць чарпакамі.
А музыка раве, грае,
Людзей забаўляе.
А гурма бурсацтва з Брацтва[134]
Моўчкі пазірае.
Няма голай школе волі,
А то б дагадзілі...
Ды каго ж там з музыкаю