Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 145)
ІРЖАВЕЦ[124]
На ўвесь свет калісьці шведы
Нарабілі славы,
Уцякалі з Мазепаю
Ў Бендэры з Палтавы,
А за імі — Гардзіенка[125]...
Нараіла маці,
Як пшанічаньку пажаць ім,
Як Палтаву ўзяці.
Ой пажалі б, калі б разам
Аднадушна сталі
Ды з фастоўскім палкоўнікам[126]
Гетмана ядналі.
Не заселі б коп’і ў цэлі —
У стрэхах Пятровых.
I з Хорціцы не ўцякалі б
Нябогі на сховы,
Не спыняў бы іх прылуцкі
Палкоўнік няслынны...[127]
I не знаўся б маці боскай
Плач на Украіне.
Калі ішлі з радзімы прэч,
З сабою неслі ў сэрцы кожным
Вялікі Луг і маці-Сеч.
I маці боскай воблік гожы
Ўзялі. I ўсё — нічога больш...
Хай, можа, хан суцешыць боль
У новым гора-Запарожжы[128]...
Хмара чорная напала
На белую хмару.
Закайданіў запарожца
Паганы татарын.
Хоць дазволіў хан у Крыме
На пясках спыніцца,
Ды царкву не даў узвесці —
Богу памаліцца.
У шатры абраз стаўлялі
Маці прасвятое
I маліліся таемна...
Божа мой з табою!
Краю мой цудоўны, велічны, багаты!
Хто цябе не бэсціў? Толькі расказаць
Пра якога-небудзь аднаго магната
Гісторыю-праўду, то пералякаць
Нават пекла можна. А ў Данта старога
Наш падпанак звычны можа дух адняць.
I ўсё гэта ліха, кажуць нам, ад бога!
Ці ж яму так люба людзей катаваць?
А найбольш матулю — маю́ Украіну.
Што ж яна зрабіла? За што яна гіне?
За што яе дзеці ў кайданах маўчаць?
Расказалі кабзары нам
Пра войны, пажары,
Спрэчкі, кроў і ліхалецце...
Пра лютыя кары,
Што нам ляхі паўчынялі,—
Пра ўсё расказалі.
А чым шведчына далася! —
Кабзары нямелі,
Слоў не мелі небаракі,
Нібы з пераляку.
Так шалелі ваяводы,
Пятровы сабакі,
I грызлі яе, і рвалі...
Чулі запарожцы,