I гэта ўсё так мілуе вочы,
А сэрца плача, зірнуць не хоча!
Рассталася ясна сонца
З чорнаю зямлёю,
Выступае круглы месяц
З сястрою зарою,
Выступаюць з-за хмурыны,
Хмары звесялелі...
А стары мой як пабачыў,
Слёзы пабуйнелі...
— Малю цябе, божа мілы,
За тваю ахвяру!
Што не даў ты мне загінуць,
Нябесны ўладару.
Што даў ты мне добрай сілы
Перасіліць гора
I прывёў мяне старога
На святыя горы
Век самотны дажываць свой,
Табе хвалу ўзносіць
I тваёй красою сэрца
Цешыць, бо галосіць...
I пахаваць пабітае
Грахамі людскімі
На гарах высокіх гэтых
I лунаць над імі...
Нехалодныя ўцёр слёзы,
Хоць немаладыя...
I свае гады прыпомніў
Даўнія, благія...
Дзе, як, калі і што бывала?
Што сон насніў, што праўдай стала?
Як моры ён пераплываў?..
I цёмная палоска гаю,
I чарнаброўка маладая,
I маладзік у зорках ззяў,
I салавейка на каліне
То заціхаў, то шчабятаў,
Хвалу святому богу слаў,
I ўсё, ўсё гэта на Ўкраіне!..
I пасміхнуўся сівы дзед...
Няма дзе, можа, праўду дзець.
Было, што ў вернасці кляліся,
Ды не сышліся — разышліся,
Пакінула ў самоце тлець,
Век дажываць і помніць страту!..
Каб адагнаць журбы імглу,
Ля хаты дзед хадзіў багата,
А потым богу ўздаў хвалу.
I начаваць пайшоў у хату.
Вёў месяц хмару па святлу.
Мне такі вось на чужыне
Дзіўны сон прысніўся!
Нібы зноўку я на волю,
На свет нарадзіўся.
Дай жа, божа, калі-небудзь,
Хоць на старасць, стаць мне
На тых горах абкрадзеных
У маленькай хаце.
Хоць бы змучанае сэрца,
Сточанае горам,
Мне прынесці і пакласці
На Дняпровых горах.
Орская крэпасць
1847