Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 143)
А вы? Вы, горы, вы здалёк!!.
Бадай, не хопіць і пагарды
Праклятых бачыць вас!! Не, не...
Не вы праклятыя... яны —
I ляхі, й гетманы, й паны!!.
Высокія, даруйце мне!
Высокія! I залатыя!
Блакіту дзеці найсвятыя!
Даруйце!.. Бога памалю...
Я так яе, я так люблю
Маю Ўкраіну лёсу злога,
Што пракляну святога бога,
Я за яе душу згублю!
Над Трахцеміравым высока
На кручы, нібы сірата
Прыйшла тапіцца... у глыбокім,
Ў Дняпры шырокім... і вось так
Стаіць адным-адна хаціна...
Відна з хаціны Украіна
I Гетманшчына ўся кругом.
Пад хатай сівы дзед нядужы
Сядзіць, а сонца нізка дужа
Спусцілася ўжо над Дняпром.
Сядзіць, глядзіць і песціць думкі.
А слёзы капаюць... — Гай! гай!.. —
Стары прамовіў: — Недатлумкі!
На тлум пусцілі божы рай!..
Гетманшчына!! — I крутое
Чало пахмурнела...
Нешта важкае, цяжкое
Вымавіць карцела.
Ды не вымавіў...
. . . . . . . . . . . . . . . . .
— Блукаў па свеце я нямала
Насіў і світку і жупан...
Нашто ўжо блага за Уралам
Кіргізам тым,— аднак і там
Лепей жыць, чым на Ўкраіне.
У большай пашане
I кіргізы, ці таму што
Шчэ не хрысціяне?..
Нарабіў ты, Хрысце, ліха!
А ці перайначыў?!
Людзей божых?! — Каціліся
Нашыя казачыя
З дурняў галовы за праўду,
За хрыстову веру,
Папілі крыві чужое
I сваёй празмеру!..
А палепшалі?.. ды дзе там!
Яшчэ горай сталі,
Без нажа і аўтадафэ
Людзей закавалі
Дый марудзяць... Сэрца вяне,
Паны хрысціяне!.. —
Заціх мой сівы, біты тугою,
Абвяў старою буй-галавою.
Вечарам сонейка гай залаціла,
Дняпро і поле золатам крыла;
Сабор Мазепы ззяе, бялее,
Бацькі Багдана курган шарэе;
Кіеўскім шляхам вербы ў нахіле
Тры братнія курганы[122] акрылі;
З Трубайлам Альта[123] між асакою
Сышліся згодна, як брат з сястрою.