Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 142)
Не ўцёк бы й зараз сын Марыі!
I мне не весела нідзе,
Ды, мабыць, весела не будзе,
I на Ўкраіне любай, людзі,
I на чужыне я ў бядзе.
Хацелася б... дый то для тога,
Каб не рабілі маскалі
Дамоўку з дрэва мне чужога
Або хоць крышачку зямлі
Той, з-за Дняпра майго святога,
Вятры святыя прыняслі.
Дый больш нічога. Так вось, людзі,
Хацелася б... Ды што ж гадаць...
Нашто ўжо бога турбаваць,
Калі па-нашаму не будзе.
Орская крэпасць
1847
СОН
Горы мае высокія!
Не так і высока,
Як хораша, ў харашбе вы
Звышаны здалёку —
З Пераяслава старога,
З Віблага кургану[120],
Шчэ старэйшага... бы хмары
З Дняпровага стану.
Іду я ціхаю хадою,
Гляджу — аж вось перада мною,
Няйнакш дзівосы выплываюць,
I з хмары ціха выступаюць
Абрыў высокі, гай, байрак;
Бялюткі хаткі выглядаюць,
Як дзеці ў белых хвартушках
У жмуркі у яры гуляюць;
А доле сівы наш казак
Дняпро з лугамі выйгравае.
Аж вунь дзе, вунь дзе за Дняпром
На прыгарбе, нібы каплічка,
Казацкая царква-малічка
Стаіць з пахіленым крыжом.
Даўно стаіць, выглядае
Запарожца з Лугу...
З Дняпром сваім размаўляе,
Разганяе скруху,
Акяніцамі старымі,
Як мярцвяк вачыма
Зялёнымі, пазірае
На свет з дамавіны.
Ці чакаем абнаўлення?
Не чакай той славы!
Тваіх людзей абакралі,
А панам крывавым...
Навошта ім казацкая
Вялікая слава?!
I Трахцеміраў[121] за гарою
Свае хацінкі наўпрасткі
Раскідаў з доляю ліхою,
Як п’яны старац хатулькі.
Старое вунь Манастырышча.
Раней казацкае сяло,
Ці гэткае тады было?..
Ды ўсё пайшло царам на йгрышча:
I Запарожжа, і сяло...
I манастыр святы, і скарбы.
Разнеслі ў ненасыці клёк!..