Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 141)
N. N.
Трынаццаць мне якраз мінала.
Ягнят я пасвіў за сялом.
Ці сонейка так гожа ззяла,
Ці так мне хораша было?
I так мне люба, люба стала,
Няйнакш у бога...
Гукнулі на папас з-за гаю,
А я сабе ўсё ў бур’яне
Малюся богу... і не знаю,
Чаго ў маленькага ў мяне
Душа ў малітве шчыравала,
Чаму так весела было?
Святлелі неба і сяло,
Ягня вясёлае скакала!
I сонца грэла, не пякло!
Ды не доўга сонца грэла
I душа маліла...
Запякло, пачырванела
I рай запаліла.
Як прачнуўся ды дзіўлюся:
Сяло пачарнела,
Неба богава з блакіту
Ураз памарнела.
Паглядзеў я на ягнятак —
Не мае ягняты!
Азірнуўся я на хаты —
Няма ў мяне хаты!
Не даў бог мне анічога!..
I лінулі слёзы,
Слёзы жалю!.. А дзяўчына
Пры самай дарозе
Каля мяне недалёка
Маніцы ўбірала
Дый пачула, што я плачу,
Прыйшла, прывітала,
Выцірала мае слёзы
I пацалавала...
Няйнакш і сонейка заззяла,
Няйнакш усё на свеце стала
Маё... Палі, гаі, сады!..
I мы, жартуючы, пагналі
Чужых ягнятак да вады.
Лузда!.. дый сёння, як згадаю,
Дык сэрца плача ды баліць,
Чаму гасподзь не даў дажыць
Мне век малы мой у тым раі.
Памёр бы, аручы, на ніве,
Нічога б я сабе не знаў,
Не быў бы ў свеце юрадзівым,
Людзей і бога не пракляў!..
Орская крэпасць
1847
***
Не грэе сонца на чужыне,
А дома надта аж пякло.
I мне не весела было
На нашай слаўнай Украіне.
Ніхто не лашчыў, не вітаў,
Я не хіліўся ні да кога,
Блукаў сабе, маліўся богу
Ды люта панства праклінаў,
I згадваў я гады ліхія,
Паганай даўнасці гады:
Хрыста павесілі тады —