Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 140)
На гары палаты
Пачарнелі. Князь хварэе,
Устаць слабаваты,
А паднесці няма каму,
Ніхто не загляне
Да грэшнага ў паганыя
Будынкі — хай вяне.
Людзі трохі ачунялі,
Моляць бога дбала,
Каб вярнулася князёўна.
А яе не стала
I не будзе ўжо, святое...
Дзе яе дарога?
У Кіеве пастрыглася
Ў манашкі нябога.
Радзілася, каб жыць, любіць,
Зіхцець гасподняю красою,
Лунаць над грэшнымі святою
I ўсякаму дабро тварыць.
А сталася так. У манашках,
Нашчэнт знявечана дабро...
Блукаючы па Украіне,
Прыбіўся я і ў Чыгірын
I ў манастыр вунь той дзявочы,
Што за пяскамі на балоце
У лозах сам сабе стаіць.
Манашка там і расказала
Старая гэту навіну,
Што ў манастыр да іх зайшла
Князёўна неяк з-за Дняпра
Аж пазалетась. Спачывала
Дый богу душу аддала...
— Была ж яшчэ і маладою,
I дужа гожаю сабою.
Яе спякота даняла,
I занядужала. Ляжала
Нядоўга, так сядміцы з тры.
I ўсё дарэшты расказала...
I мне і Ксеніі-сястры.
Памерла ў нас. I дзе хадзіла,
Ў якіх мясцінах, хто ўрачэ.
А ў нас, няшчасная, спачыла.
Святая вось яе магіла...
Крыж не паставілі яшчэ.
Орская крэпасць
1847 — Ніжні Ноўгарад
1858
N. N.
Сонца заходзіць, горы чарнеюць,
Птушка змаўкае, поле нямее,
Цешацца людзі — блізка спачынак,
А я гляджу... і лячу несупынна
Ў цёмны садочак на Украіну.
Сэрцам лунаю, думу гадаю,
I нібы сэрца адпачывае.
Чарнеюць горы, і гай, і поле,
На неба зорка ўзышла паволі.
О зорка! зорка! — і слёзы хлынуць —
А ці ўзышла ты на Украіне?
Ці вочы тыя цябе шукаюць
На небе сінім? Ці забываюць?
Як забываюць — хай засынаюць,
Пра маю долю хай і не знаюць.
Орская крэпасць
1847