Свету на падзіву.
Вырастае... Ды нядоуга
Цешыць сэрца мае
Сваёй маці. Бог на свеце
Княгіню карае...
А за што? Дзівосна людзям,
Бо ніхто не знае,
Чаму добрае канае,
Злое ажывае?
Занядужала княгіня,
I князь схамянуўся,
За бабкамі-шаптухамі
Па сёлах крутнуўся.
Наехалі... Захадзілі.
Лечылі, шапталі...
Пакуль яе, гаротніцу,
У труну паклалі.
Не стала на сяле княгіні,
Гудуць зноў гуслі ўвесяле.
А сірата яе ў сяле,
Як адарвалі ад галіны
Яе аднюткую ў імгле:
Някормленая ходзіць боссю,
Сарочачку да зносу носіць.
Нябогу не шкадуе сквар.
Шчавульнік есць, ставочкі гаціць
З малымі ў лужынах, дзе яр.
Памыйся, сэрдачка! Бо маці
Вунь пазірае з небыцця —
Не пазнае сваё дзіця.
I думае: цябе не стала...
Памыйся, сэрца, каб пазнала
Цябе, адзіную сваю...
I госпада б багаслаўляла
За долю добрую тваю.
Памылася. А з ласкай людзі
Прыбралі, ў Кіеў адвязлі
У інстытут. А там што будзе,
Пабачым.
Гуслі на святле...
Гуляе князь, гуляюць госці,
Рвуць палаты на памосце,
А голад стогне на сяле.
I стогне ён, стогне па ўсёй Украіне.
Гасподня кара. Тысячамі гінуць
Галодныя людзі. А сцірты гніюць.
А паны й мякіну жыдам прадаюць.
Ды голаду рады, ды бога гукаюць,
Каб яшчэ гадок хоць недарод трываў.
Тады б і ў Парыжы ды і ў іншым краі
Наш брат хутаранін сябе паказаў.
А бог сабе дрэмле. Бо сталася б дзіва,
Каб і чуць і бачыць — і не пакараць.
Або аж занадта ўжо доўгацярплівы...
Гады мінаюць; людзі гінуць,
Лютуе голад на Ўкраіне,
Галеюць сёлы-бабылі.
А ў князя сцірты пагнілі.
А ён, каб што там, п’е, гуляе
Ды карчмара з грашмі чакае.
Няма яго... Руні ўзышлі,
I рады людзі, бога просяць...
Аж раптам з Кіева прывозяць
Князёўну. Сонейка ўзышло
Над абакрадзеным сялом.