Ажыўшы, зноўку п’е, гуляе,
I так за днямі дзень мінае.
Аж душы ў мужыкоў пішчаць...
Судоўнікі гукаюць бога...
П’янчугі, знай сабе, крычаць:
— I патрыёт! I брат нябогіх!
Наш слаўны князь! Віват! Віват! —
А патрыёт, нябогіх брат...
Дачку й цялушку адбірае
У мужыка... I бог не знае,
А можа, знае, ды маўчыць.
Княгіня пад замком сядзіць.
Яе і ў сенцы не пускае
Нябогіх брат. А што ж рабіць?
Сама ўцякла, каб павянчалі,
I бацька й маці не пускалі,
Казалі:— Ўгору не залазь.
Дык не, за князя. Вось і князь!
Вось пыху май цяпер, княгіня!
Загінеш, сэрдачка, загінеш,
Як рунь вясною паначы.
Засохнеш, не дасі нічога,
Не ведацьмеш, як хваляць бога,
Як людзі любяць, жывучы.
А жыць так, госпадзі, карцела!
Карцела любіцца
Хоць гадочак, хоць гадзінку,
З свету надзівіцца.
Не прыйшлося... А было ўсё,
Ўсяго напрыдбала
Маці. I цябе самую
Як намалявала,
Хоць маліся прад табою,
Як перад святою...
Краса мая маладая,
Горачка з табою!
Жыць бы, жыць, ды славіць бога,
I дабро чыніць бы,
Ды красою божай тою
Людзей весяліць бы.
Дык не доля. А карыя
Маладыя вочы
Каб самотныя марнелі...
Можа, бог не хоча?
Божа! Божа! Даеш волю,
Розум, свет дарэшты.
I красу даеш, і сэрца...
Ды жыць не даеш ты.
Не даеш на рай вясёлы,
Свет тваёй апекі
Надзівіцца, намаліцца
I заснуць навекі.
На свеце невясёла жыць,
Калі няма каго любіць.
Вось так і ёй, адной каліне,
Шчэ маладой маёй княгіні,
Красу і сэрца засушыць,
А ўсё ў самоце марна гіне,—
Аж страшна!.. А яна маліла
I жыць у госпада прасіла,
А ўжо матуляю хадзіла,
Ўжо цешылася і любіла
Сваё дзіця. I даў дажыць
Гасподзь ёй радасці на свеце:
Убачыць і пацалаваць