Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 132)
Ды салавейка не заціх.
У каземаце
1847
IX
Рана ўранку навабранцы
Выходзілі за сяло,
А за імі, маладымі,
I дзяўчо адно пайшло.
Падыбала стара маці
Дочку ў полі даганяці...
I дагнала, прывяла,
Наракала, гаварыла,
Покі ў землю палажыла,
А сама ў старцы пайшла.
Мінулі годы, а сяло
Выгляд не змяніла.
Толькі пустку ў канцы сяла
Годы пахілілі.
А ля пусткі на мыліцы
Маскаль кандыбае,
На садочак пазірае,
Пустку аглядае...
Марна, браце! Чарнабровай
Не відаць у хаце.
Не пакліча на вячэру
Ў хату яе маці.
А даўным-даўно...
Калісьці! Ручнікі ўжо ткалі
Ды мярэжылі хусціну,
Шоўкам вышывалі.
Думаў жыць, і мілавацца,
Ды бога хваліці!
А прыйшлося... Ні да кога
Ў свеце прытуліцца.
Сядзіць сабе каля пусткі,
На дварэ змяркае,
А з акна, як тая баба,
Сава выглядае.
У каземаце
1847
X
Ў няволі цяжка... Хоць і волі,
Сказаць па праўдзе, не было.
Ды ўсё сяк-так жыццё плыло,
Хоць на чужым, але на полі...
Цяпер жа злой ранейшай долі
Чакаць, як бога, прыпякло.
Яе чакаю, выглядаю,
Дурны свой розум праклінаю,
Што даўся дурням абдурыць,
У лужы волю утапіць.
Аж стыне сэрца, як згадаю,
Што не ў Ўкрайне пахаваюць,
Што не ў Украйне буду жыць,
Людзей і госпада любіць.
У каземаце
1847
XI
КАСАР
Па-над полем ідзе,
Не пракосы кладзе,
Не пракосы кладзе — горы.
Стогне зямля, стогне мора,
Стогне ды гудзе!
I касца ўначы