Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 131)
Чырвань-цвет каліну.
Не прыжылі тры ясені,
Таполя ўсыхала,
Паўсыхалі тры явары,
Каліна завяла.
Тры браты не вяртаюцца —
Плача горка маці,
Плача жонка з дзетачкамі
У сцюдзёнай хаце.
Сястра плача, йдзе шукаці
Братоў на чужыне...
Для заручанай дзяўчыны
Робяць дамавіну.
Тры браты не вяртаюцца,
Па свеце блукаюць,
А тры шляхі шырокія
Цернем зарастаюць.
У каземаце
1847
VII
Н. КАСТАМАРАВУ[115] [116]
Вясёла сонейка гуляла
Ў вясёлых хмарах веснавых,
Гасцей закованых сваіх
Сардэчным чаем частавалі
I вартавых перамянялі,
Сінемундзірых, вартавых.
I да дзвярэй, на ключ замкнутых,
Да тых, да кратаў на акне
Прывык я трохі... I ўжо мне
Не жаль было даўно адбытых,
Даўно пахованых, забытых
Крывавых цяжкіх слёз маіх.
Ці мала разлілося іх
На сухаполле... Хоць бы рута,
А то нічога не ўзышло!
I ўспомніў я сваё сяло...
Каго я там калі пакінуў?
Бацькі ляжаць у дамавіне...
I жалем сэрца запякло,
Няма каму мяне згадаці!
Гляджу: твая праходзіць маці
Чарней ад чорнае зямлі,
Як з крыжа знятая, мой браце...
Малюся! Госпада хвалю!
Хваліць яго не перастану!
Што я ні з кім не падзялю
Маю турму, мае кайданы!
У каземаце
1847
VIII
Садок вішнёвы каля хаты,
Хрушчы над вішнямі гудуць,
Ратаі з ворыва ідуць,
У вёску спеў нясуць дзяўчаты —
I рады маткі іх пачуць.
Сям’я сабралася ля хаты,
Зара вячэрняя ўстае.
Дачка вячэраць падае,
Ёй маці хоча даць парады,
Дык салавейка не дае.
Паклала маці каля хаты
Маленькіх дзетачак сваіх,
Сама заснула каля іх,
Заціхла ўсё... адно дзяўчаты