Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 129)
Прыспяць, зладзеі, і яе
Ў агні, абкрадзеную, збудзяць...
Ох, не ўсё роўна для мяне.
У каземаце
1847
IV
«Не кідай мацеры!» — казалі,
А ты пакінула, ўцякла,
Шукала маці — не знайшла
Ды ўжо шукаці перастала...
Памерла, плачучы. Даўно
Пануе ціш, дзе ты гуляла,
Уцёк сабака згаладалы,
I ў хаце выбіта акно.
У цёмненькім садку ягняты
Удзень пасуцца, а ўначы
Вяшчуюць совы ды сычы,
Няма ані суседзям сну там.
I твой барвінак крыжаваты
Аж быльнікам зарос, ждучы
Цябе няўквечанай. Ў гаі
Ставочак чысты высыхае,
Дзе ты купалася калісь,
Сумуе гай, схіліўся ўніз...
У гаі птушка не спявае —
Яе з сабою панясла.
Ў яру завалена крыніца,
Вярба пасохла, пала ніцма.
I сцежачка, дзе ты хадзіла,
Калючым цернем парасла.
Куды пайшла ты, дзе асела?
I да каго пераляцела?
Ў чужой зямлі, ў чужой сям’і
Каго ты радуеш? Да кога,
Да кога рукі прыраслі?
Вяшчуе сэрца, што ў багатых
Жывеш палацах — не шкада
Табе пакінутае хаты...
Благаю бога, каб бяда
Цябе давеку не збудзіла,
Каб у палацах не знайшла...
Каб бога ты не асудзіла
I мацеры не пракляла.
У каземаце
1847
V
«Чаго ты ходзіш на магілу?» —
Са скаргай маці гаварыла.
«Чаго ты плачаш, ідучы,
Чаму не спіш ты уначы,
Мая галубка сізакрыла?»
«Так, мама, так!..» I зноў хадзіла,
А маці плакала, ждучы.
Не сон-трава на магіле
Ўначы расцвітае,—
Заручоная дзяўчына
Каліну саджае,
I слязамі палівае,
I госпада просіць,
Каб дажджы паслаў уночы
I дробныя росы.
Каб каліна прынялася,
Вецце распусціла.
Можа, птушкай залунае
З таго свету мілы.