Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 116)
Атрутай ратую —
I не плачу, не спяваю,
А савой крычу я.
Вось як справа! Што хочаце,
Тое і рабіце:
Ці голасна зневажайце,
Ці шэптам хваліце
Мае думы — усё роўна
Не вернуцца знова
Леты мае маладыя,
Вясёлае слова.
Не вернецца... I я сэрцам
Да вас не вярнуся.
Дзе падзенуся, не знаю,
Дзе я прытулюся,
З кім размову завяду я
У сардэчным суму,
Да каго пайду на споведзь
Са сваёю думай?
Мае годы! Мае думы,
Тры гады цяжкія!
Да каго вам прытуліцца,
Дзеці мае злыя?
Вам туліцца і не трэба.
Лепш паспіце ў хаце...
А я пайду чацвёрты год
Новы сустракаці.
Добры дзень жа, новы годзе,
У світцы старагодняй!
Што ў дзіравай нясеш торбе
Украіне роднай?
«Благадзенсцвіе, указам
Новым абгарнута».
Будзь здаровы, пакланіцца
Злыдням не забудзь ты.
1845
Уюнішча
ЗАПАВЕТ
Як памру, дык пахавайце,
Дзе курган палынны,
Сярод стэпу шырокага
Мілай Украіны.
Каб шыракапола долы,
I Дняпро, і кручы
Мне відаць былі, каб чуў я,
Як раве равучы.
Як пагоніць з Украіны
У сіняе мора
Кроў варожую... тады я
I долы і горы —
Ўсё пакіну і падамся
Да самога бога,
Памаліцца... А да тога —
Я не знаю бога.
Пахавайце ды ўставайце,
Кайданы парвіце
I варожай злой крывёю
Волю акрапіце.
I мяне ў сям’і вялікай,
Ў сям’і вольнай, новай,
Не забудзьце — памяніце
Нязлым ціхім словам.
1845
Пераяслаўль
ЛІЛЕЯ