Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 114)
14 снежня 1845
Уюнішча
МАЛЕНЬКАЙ МАР’ЯНЕ
Расці, расці, мая птушка,
Макавы мой цвеце,
Развівайся, пакуль тваё
Не разбіта сэрца.
Пакуль людзі не дазналі
Ціхае даліны.
А дазнаюць — пагуляюць,
Засушаць ды кінуць.
Ані годы маладыя,
Спавіты красою,
Ні карыя ачаняты,
Умытыя слязою,
Тваё сэрца залатое,
Добрае дзявоча —
Не заступіць, не закрые
Прагныя іх вочы.
Знойдуць злыя дый абкрадуць...
I табе, убогай,
Створаць пекла... Замучышся
I праклянеш бога.
Не красуй жа, цвеце новы,
Неразвіты цвеце!
Завянь ціха, пакуль тваё
Не разбіта сэрца.
1845
Уюнішча
***
Мінаюць дні, мінаюць ночы,
Мінае лета; шапаціць
Ліст пажаўцелы; гаснуць вочы,
Заснулі думы, сэрца спіць,
I ўсё заснула... I не знаю,
Ці я жыву, ці дажываю,
Ці так бадзяюся за грэх,
Бо ўжо заціх мой плач, мой смех.
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты?
Мне хоць бы якую!
Калі добрай, бог, шкадуеш,
Дай хоць злую, злую!
Спаць не дай ты хадзячаму,
Астудзіцца сэрцам
I гнілою калодаю
Валяцца па свеце.
А дай жыці, сэрцам жыці
I людзей любіці.
А калі не... то праклінаць
I свет запаліці!
Страшна ў ланцугі упасці,
Канаць у няволі,
А шчэ горай — спаці, спаці
I спаці на волі.
I заснуць, заснуць навекі
I следу не кінуць
Ніякага: адналькова —
Ці жывы, ці згінуў!..
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты?
Мне хоць бы якую!
Калі добрай, бог, шкадуеш,
Дай хоць злую, злую!
1845
Уюнішча
ТРЫ ГАДЫ