Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 111)
Нідзе не мінайце,
А тады — хто мы такія? —
Пра сябе спытайце.
Чые сыны? Якіх бацькоў?
Кім, за што закуты?
Дык пабачыце, што вось хто
Вашы тыя Бруты.
Рабы, падлізы, гразь Масквы,
I гетман ваш яснавяльможны —
Варшавы панскай бруд падножны.
Чаго ж вы хваліцеся — вы,
Сыны Украіны гаротнай?
Што добра ходзіце ў ярме,
Лепш нават, як бацькі хадзілі?
Дарэмна: з вас дзяруць рамень.
А з іх, бывала, лой тапілі.
Можа, гонар ваш, што брацтва
Веру бараніла,
Што Сінопам, Трапезонтам[110]
Галушкі варыла?
Праўда, праўда, яны елі,
А вам цяпер шкодзіць,
I на Сечы мудры немец
Бульбу ўжо разводзіць[111],
А вы яе купляеце,
Ясцё на здароўе
Ды славіце Запарожжа.
А чыёю ж кроўю
Зямля гэта напоена,
Што так бульбу родзіць?
Усё роўна вам, каб толькі
Радзіла ў гародзе.
Хваліцеся, што мы Польшчу
Некалі звалілі!..
Польшча ўпала, ды абломкі
Вас жа раздушылі!
Дык вось як кроў бацькі лілі
I за Маскву, і за Варшаву!
I вам, сынам, перадалі
I кайданы свае, і славу!
Дазмагалася Ўкраіна
Да самага краю.
Горш за ляха свае дзеці
Яе распінаюць.
Замест піва кроў з рабрынаў
Праліваць ахвочы.
I сучаснымі агнямі
Мацерыны вочы
Прасвятляюць: хай за векам
Крочыць недарэка,
Хай за немцам патрапляе
Сляпая калека!
Што ж, вядзіце, паказвайце,
Хай старая маці
Навучаецца дзяцей тых
Новых даглядаці.
Паказвайце! За навуку
Маці добра вельмі
Вам заплаціць калі-небудзь:
Распадуцца бельмы
На вачах паганых вашых,
I жывую сілу
Дзядоў сваіх пабачыце,
Бацькоў хітрых справу.
Не дурыце самі сябе!