Прасвяціліся!.. Ды хочам
Для другіх прасветы,
Сонца праўды паказаці
Сляпым, бачыш, дзеткам...
Ўсё пакажам! Толькі дайце
Сябе ў рукі ўзяці.
Як і турмы мураваці,
Кайданы каваці
I насіць як... I як плесці
Бізун з вузлаваццем,—
Ўсяго наўчым! Толькі дайце
Свае скалы, горы
Астатнія... бо ўжо ўзялі
I поле і мора!
I цябе загналі, мой дружа ядыны,
Якаве мой добры! Не за Украіну,
А за яе ката прыйшлося праліць
Светлую сваю кроў,— атрутай запіць —
З маскоўскае чашы атрутны напітак!
О мой дружа добры! Дружа незабыты!
Жывою душою на Ўкрайне вітай;
Лётай з казакамі па-над берагамі,
Разрыты магілы ў стэпе назірай,
Заплач з казакамі дробнымі слязамі
І мяне з няволі ў стэпе выглядай!
А пакуль што — мае думы,
Маё злое гора,
Зіяць будуць і растуць хай
Ды з ветрам гавораць...
Вецер ціхі з Украіны
Панясе з расою
Мае думы да цябе аж!..
Братняю слязою
Ты іх, дружа, прывітаеш,
Веру, не прагоніш...
I магілы, стэпы, мора
I мяне ты ўспомніш.
1845
У Пераяславе
I МЁРТВЫМ, I ЖЫВЫМ, I НЕНАРОДЖАНЫМ
ЗЕМЛЯКАМ МАІМ НА УКРАІНЕ
I НЕ НА УКРАІНЕ
МАЁ СЯБРОЎСКАЕ ПАСЛАННЕ
Аше кто речет, яко люблю бога, а брата своего ненавидит, ложь есть.
I змяркае, і світае,
Дзень божы мінае,
Зноў і стомленыя людзі,
I ўсё спачывае.
Толькі я, нібы пракляты,
I дзень, і ноч плачу
На шматлюдных раздарожжах,
I ніхто не бачыць.
I не бачыць, і не знае —
Аглухлі, не чуюць,
Кайданамі мяняюцца,
Праўдаю гандлююць
I госпада зневажаюць —
Людзей запрагаюць
У ярмо, аруць жа ліха,
Ліхам засяваюць,
А што ўродзіць? Пабачыце,
Што за жніва будзе.
Схамяніцеся ж, нарэшце,
Вырадкі — не людзі!
Паглядзіце на рай ціхі,
На сваю краіну,
Палюбіце вялікую
Гэтую руіну!