Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 107)
Усё дабро, сам бог у нас!
Нам толькі сакля вочы коле:
Чаго яна стаіць у вас,
Не намі дана? Чаму вам
Чурэк жа ваш, ды вам не кінем,
Як таму псу! Чаму вы нам
Плаціць за сонца не павінны,—
Ці ж гэта ўсё!.. Мы не паганы,
Сапраўдныя мы хрысціяне —
Крыхой мы сыты! А зато,
Як бы вы з намі падружылі,
Мы шмат чаму б вас навучылі!
У нас жа й свету... Як на то —
Адна Сібір неісхадзіма!
А турм? А люду? Што й лічыць?
Ад малдаваніна да фіна
На мовах ўсіх усё маўчыць...
Бо благадзенствуе... У нас
Святую біблію чытае
Святы чарнец і навучае,
Што цар якісь-та свінні пас[101]
Ды, ўзяўшы сабе жонку ў друга,
Забіў ён друга й валацуга.
На небе сеў, так як і ў нас
Сядзяць на небе! Вы йшчэ цёмны,
Святым крыжом не прасвяшчоны.
Навучым мы! У нас дзяры,
Дзяры ды дай —
I проста ў рай,
Хоць і радню ўсю забяры!
У нас! Чаго толькі не ўмеем?
I зоры лічым, грэчку сеем,
Французаў лаем. Прадаем
Або і ў карты прайграем
Людзей... не неграў... а такіх,
Хрышчоных жа... але прастых[102],
Мы не гішпаны[103]! Крый нас божа,
Крадзенае перакупляць,
Як гандляры: мы па закону!..
Па закону апостала
Вы любіце брата?
Суесловы, ліцамеры,
Госпадам пракляты!
Вы бо любіце на браце
Скуру, а не душу!
Дый лупіце па закону:
Дочцы на кажушак,
На пасаг байстручаняці,
Жонцы на гарсэцік,
Для сябе ж — аб чым не знаюць
Ні жонка, ні дзеці!
За каго ж ты распінаўся,
Хрысце, сыне божы?
За нас, добрых, ці за слова
Ісціны? Ці, можа,
Каб мы цябе асмяялі?
Яно ж так і стала!
Капліцы, храмы і іконы,
I свечкі, і кадзіла дым,
I перад вобразам тваім
Бесперапынныя паклоны —
За крадзеж, за вайну, за кроў,—
Каб братнюю праліць кроў, просяць,
I после ў дар табе прыносяць,
З пажару ўкрадзены пакроў!!