«Вось, ці чуеш, Кацярына?
Бяжы, сустракай ты!
Прыйшоў ужо! Бяжы хутчэй
Ды вядзі дахаты!
Дзякуй табе, хрысце-божа!
Ледзь я прычакала!»
I «Ойча наш» ціха-ціха,
Як праз сон, шаптала.
Стары валы выпрагае,
Ярмо прыбірае,
Кацярына гэтым часам
Марку аглядае.
«А дзе ж Ганна, Кацярына?
Я сабе й не дбаю!
Мо памерла?» — «Не памерла,
А вельмі слабая.
Пойдзем у малую хату,
Покуль выпрагае
Валы бацька, яна цябе
Вельмі ўжо чакае».
Увайшоў у хату Марка
I стаў ля парога...
Аж спужаўся. Ганна шэпча:
«Дзякуй... Дзякуй богу!
Хадзі сюды, не пужайся!
Выйдзі з хаты, Каця:
Нешта маю запытаць я,
Нешта расказаці».
Выйшла з хаты Кацярына,
А Марка схіліўся
Да наймічкі. Прашаптала:
«Марка! Прыглядзіся,
Прыглядзіся да мяне ты!
Бач, як я змарнела.
Я не Ганна, не наймічка,
Я...» — і занямела.
Марка плакаў і дзівіўся.
Зноў вочы адкрыла,
Пільна глянула, ды зрок ёй
Сляза засланіла.
«Даруй ты мне! Мучылася
Век я ў чужой хаце!..
Даруй жа мне, мой сыночак!
Я... Я твая маці!»
I замоўкла...
Самлеў Марка —
Зямля задрыжала.
Прахапіўся — да мацеры,
А маці ўжо спала.
1845
У Пераяславе
КАЎКАЗ
Шчыраму майму Якаву дэ Бальмену[97]
Кто даст главе моей воду, и очесем моим источник слез, и плачуся и день и нощь, о погибиенных...
За гарамі горы, хмараю спавіты,
Засеяны горам, крывёю паліты!
Спакон веку Праметэя
Там арол карае,
Штодзень божы яму рэбры
Й сэрца разбівае,
Разбівае, ды не вып’е
Крыві жывой з сэрца —
Ізноў яно ажывае
Ды ізноў смяецца.
Не ўмірае душа наша,