реклама
Бургер менюБургер меню

Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 9)

18px
Антыстрафа першая Стогны паўсюды навокал чутны — так плачуць Па тваёй колішняй былой славе I па братах, моцных калісь. Усе народы, што жывуць, Маюць котлішча сваё На землях Азіі святой, Спачуваюць лёсу твайму; Твой боль — таксама іх боль. Страфа другая I плачуць дочкі Калхіды ўсе, Якім і ў бітвах не боязна; Плямёны скіфскія на краі Зямлі далёкім, абапал Вод Міятыйскіх[9], таксама плачуць. Антыстрафа другая I Арыі[10] люд ваяўнічы, З каўказскіх схілаў люд, Што з крыкам на бітвы ідзе, Дзіды маючы вострыя — Плача таксама ён. Страфа трэцяя Бачылі мы ў гэткім няшчасці толькі Аднойчы іншага бога, Атланта: як гэты Тытан падставіў Спіну сваю пад цяжар невыносны — скляпенне Неба, й трымае так яго; вось лёс, варты спачування! Антыстрафа трэцяя Марскія хвалі шумяць і скавычуць; чорныя Нетры ўсе Аідавы, і стогнуць патокі рэк Пра гэта, прарваўшыся з безлічы светлых Крыніц.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Праметэй

Няма зусім ніякай пахвальбы Ў маім маўчанні. Так балюча мне, Як прыніжэнне бачу я сваё. Бо гэта ж я, не іншы хто, багам Цяперашнім пашану, ўладу даў! Пра гэта, зрэшты, не хачу казаць — Усё вядома вам і так. Вы лепш Паслухайце, што за бяда ў людзей. Наважыўся я кемлівасць у іх I розум абудзіць: пра гэта не таму Кажу я, каб ім неяк дапячы — А каб вы ўцямілі, што добры я да іх. Ды, вочы маючы, не бачылі яны, Ды, вушы маючы, не чулі, і Да ценяў сноў падобныя былі, Не цемячы нічога ўсё жыццё Яны дамоў з камення, поўных сонца, Не будавалі й не маглі цяслярыць. А ў сутарэннях, нібы мурашы, Жылі, зусім без дзённага святла. Не ведалі прыкмет, калі зіма Або вясна надыдзе, з кветкамі, Або, з пладамі, лета — ў іх Пра гэта не было ўяўлення, аж Пакуль пра зоркі, руху сонца сэнс Я ім не расказаў; пакуль яшчэ Навуку лічбаў — самую галоўную — Я не прыдумаў для людзей; пакуль Як літары складаюцца ў склады — Мастацтву гэтаму, падмурку памяці — Я іх не навучыў. Быў першы я,