Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 8)
Быў у вачах агонь Гаргоны[7] страшны.
Ды Зеўсава няўмольная страла —
Маланка вострая — яго дагнала
I ў сэрца трапіла дакладна — і тады
Была ў ім знішчана ўся ўпартасць, сіла.
Цяпер, нямоглы ўжо, ляжыць Тыфон,
Прыціснуты падножжам Этны[8], і Гефэст
Куе жалеза на грудзях ягоных,
Непадалёк ад вузкае пратокі.
Адтуль раз-пораз вогненныя рэкі
Раптоўна вырываюцца — і затапляюць
Прыгожыя і плодныя абшары
Сіцыліі — і анікому не схавацца
Ад лютасці Тыфонавай, хоць ён калісьці
Быў знішчаны Зевесавай стралою.
Ды ты дасведчаны ў жыцці. Няма патрэбы
Цябе вучыць мне. I пра свой ратунак
Ты патурбуйся так, як разумееш.
Я ж буду да канца трываць, пакуль Зевес
Злосць не адолее сваю ды ўпартасць.
Акіян
Ці ж ты не ведаеш, о Праметэй, што злосць
Вылечваецца словамі найлепей?
Праметэй
Вядома ж — калі сэрца памякчэе,
Ды не гамуецца праз сілу гнеў.
Акіян
Ды ў чым жа рызыка, мне адкажы,
Як спрабаваць утаймаваць яго?..
Праметэй
То марнаванне часу і бяздумнасць!
Акіян
Дай на хваробу тую захварэць мне;
Разумнаму мець славу дурня — добра!
Праметэй
Тваю памылку за маю палічаць.
Акіян
Дык значыць, мне ў палац вяртацца трэба?
Праметэй
Тым спачуваннем ворага набудзеш...
Акіян
Каго? Таго, хто ў небе валадарыць?
Праметэй
Яго ўзлаваць ацерагайся ўсё-ткі!
Акіян
Твая бяда напраўду мне навука.
Праметэй
Яго не забывай ды паспяшайся!
Акіян
Я адлятаю ўжо: не трэба падганяць.
Там у эфіры мне паказвае дарогу
Лятун чатырохногі мой: ён рады
У родным стойле адпачыць нарэшце.
Акіян адлятае.
СТАСІМ ПЕРШЫ
Хор
Страфа першая
Мы аб тваёй цяжкай долі плачам, Праметэй,
Бягуць з нашых вачэй слёзы ручаямі,
Сцякаюць з нашых бледных шчок —
Ад іх — вільготныя сляды.
Уладу цяпер мае Зеўс,
I жорстка ён уладарыць:
Шанаваным колісь багам
Дзідай пагражае ён.