реклама
Бургер менюБургер меню

Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 5)

18px
Свайму паплечніку-сябру.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Xор

Ты шчыра, не хаваючы, ўсё раскажы, У чым ты Зеўсам выкрыты, й за што Цябе карае ганьбай, болем ён? Скажы — калі табе не цяжка гаварыць.

Праметэй

Вядома, гаварыць балюча мне, Дый не лягчэй — маўчаць. А што тут зробіш? Калі род бессмяротных запаліўся злосцю I ўжо між імі пачынаўся бунт; Калі адны хацелі скінуць Крона[4], Каб валадарыў Зеўс, а іншыя, Наадварот, імкнуліся да ўлады Яго не дапусціць — я ў гэты час Даваў сынам Зямлі й Нябёс, тытанам, Патрэбныя парады, а не змог Пераканаць іх. Поўныя адвагі, Яны без хітрасцей запанаваць Хацелі сілаю адной сваёю. А мне ж прадказвала не раз матуля, Зямля-Феміда[5] (шмат імёнаў ёсць У мацеры-багіні), што ў канцы Змагання будзе, што зусім не сіла, А толькі хітрасць пераможа ў барацьбе. Калі ж засцерагаў я іх, яны Ў мой бок і не глядзелі нават. Таму я вырашыў, што лепш за ўсё Мне маці падтрымаць і за Зевеса Пайсці ў той барацьбе, што пачалася. Маім парадам дзякуючы, Тартар Прадбачліва схаваў старога Крона З паплечнікамі ў чорнай апраметнай. I цар багоў за гэты мой учынак Адпомсціў мне суровым пакараннем. Тыраны ўсе хварэюць на хваробу — Злачынна кожнаму ні ў чым не давяраць. А на пытанне вашае, у чым прычына Пакут маіх, я адкажу вам ясна. Як толькі бацькавым ён тронам заўладаў, Пачаў адразу ўладу размяркоўваць Ды пашаноты ўсякія сярод тых новых Багоў. А пра гаротны просты люд Зусім забыўся; больш таго, надумаў Род чалавечы звесці ўшчэнт і новы Панасаджаць. I тут не заступіўся Ніхто за люд смяротны: толькі я адзін Наважыўся ды вызваліў людзей Ад іхняй долі — згінуць з ласкі Зеўса, Сысці ў Аід. За гэта і цярплю Пакуты гэткія, што страшна бачыць, А іх стрываць нашмат яшчэ цяжэй. Пашкадаваўшы так смяротных, я Спагады не спазнаў. Вось так сурова Расправу учыніў мне цар багоў... Мае пакуты Зеўса толькі ганьбяць!

Xор

Той мае сэрца цвёрдае і з каменя Ён сам — калі пакут тваіх не падзяляе. О Праметэй! Каб іх зусім не бачыць! А так — сціскаецца ад болю сэрца.

Праметэй

Вядома, ўсе сябры мне спачуваюць.

Xор