Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 4)
Як да скал я прыкуты,
Якую няспынна нясу я
Незайздросную службу!
Хор
Антыстрафа першая
О Праметэй, мы ўсё добра бачым:
Кінуўся нам змрок у вочы,
Іх слязьмі напоўніў раптам!..
Бачым, як гібееш ты на скале
І даходзіш, прыкаваны
Ганьбай ланцугоў праклятых!..
Пры стырне тым на Алімпе
Новыя стаяць уладцы...
I па-новаму ўсімі багамі
Ўжо кіруе Зеўс адзін...
Каго ён баяўся — ўсіх нішчыць.
Праметэй
Няхай бы мяне пад зямлю, ў Аід,
Схаваў ён, хай кінуў бы ў Тартар глухі,
Няхай бы ў астрог ён кінуў мяне,
Дзе морак над мерцвякамі!
Нікога тады, ні багоў, ні людзей,
Усцешыць няшчасце маё не змагло б.
Бо я ж тут прыкуты, каб мною вятры
Гуляліся й вораг цешыўся.
Xор
Страфа другая
Каму так хочацца з багоў
Уцехі ад тваёй бяды,
I хто не падзяляе з іх
Тваіх пакут, апроч Зевеса аднаго?
Дзікі і ўпарты, ён дзяцей
Злосна Уранавых[3] душыць;
Ён прыціхне толькі калі даніну
Жорстакасці аддасць ці калі нехта скіне яго.
Праметэй
Я сёння пакуты цярплю ў кайданах,
Ды час праміне, і галоўны з багоў
Папросіць мяне, каб выкраў яму
Я новую змову, што трон адбярэ
Ў яго і дзяржаву навечна.
Ды будзе дарма ён мяне спакушаць
Сваім красамоўствам; пагрозы яго
Любыя дарэмнымі будуць, бо я
Не выдам таемнае справы, пакуль
Вось гэтыя ціснуць мяне кайданы,
Пакуль за ганебны мой гэты палон
Ён не заплаціць!
Xор
Антыстрафа другая
Усё ранейшая ўпартасць твая!
Скарыцца не хочацца табе.
Цяжкай нядоляй прыгнутаму!
Язык не хочаш прытрымаць хоць трохі;
Жах нам сэрцы працінае —
Жах за цябе, зразумей нас.
Вусцішна робіцца нам, бо не бачым
канца тваіх пакут!
Непахіснае сэрца мае ён, Кронам народжаны.
Праметэй
Я ведаю, што суровы ён,
Што лічыць законам толькі слова сваё;
Ды час надыдзе — і ён палагоднее вельмі,
Суцішыцца злосць:
Сам ён тады заспяшаецца насустрач мне —