Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 42)
Па ўсіх ахвярніках ды вогнішчах у нас
Няшчаснага Эдыпавага сына цела,
I ўжо ад нас багі прыняць не хочуць
Алтарных модлаў ды спалення сцёгнаў.
I крыку яснага прарочы птах не дасць,
Бо сыты ён крывёю мерцвяка.
Падумай жа пра гэта, мой сынок!
Рабіць памылкі — лёс агульны ўсіх людзей.
Але разумны і шчаслівы будзе той,
Які няўмольным, трапіўшы ў бяду,
Не застаецца й выправіць імкнецца зло.
Аб неразумнасці упартасць сведчыць.
Памерламу ты саступі і не катуй
Таго, хто згінуў. Ці ж памерлага забіць
Другі раз... можа быць якая слава ў тым?
Жадаючы дабра табе, казаў я добра.
А як прыемна ад таго вучыцца,
Хто добрыя, карысныя дае парады!
Крэонт
Стары, стары, страляеце вы ўсе, бы ў мэту,
Ў мяне, ды йшчэ прароцтвамі мяне злавіць
Вы хочаце. Ужо даўно мяне, нібыта
Тавар карысны, прадалі ужо свае.
Што ж, нажывайцеся, электр сардыйскі[55]:
Сабе вы набывайце, калі хочаце,
I золата індыйскае. Але ж таго
Не пахаваеце ў магіле вы ніколі.
Хаця б Зевесавы арлы, труп разарваўшы,
Здабычу палажылі аж пад трон яму —
Я пахаваць злачынцу і тады не дам.
Граху не боязна мне, бо добра ўжо вядома,
Што чалавек не здолее зняважыць бога.
А ты, стары Тырэсій, памятай вось што:
Ганебна гінуць нават мудрацы,
Калі, жадаючы карысці, словы
Ганебныя ў прыгожай форме кажуць нам.
Тырэсій
Бяда! Ці ведае хто між людзей, ці разумее?..
Крэонт
Пра што ты? Што сказаць ты хочаш?
Тырэсій
Наколькі лепш разважнасць за багацце.
Крэонт
Наколькі, думаю, горш — неразважнасць.
Тырэсій
На гэтую хваробу й хворы ты цяпер.
Крэонт
Знявагай даць адказ прароку не хачу я.
Тырэсій
А ўжо зняважыў ты мяне, калі сказаў,
Што непраўдзівыя прароцтвы я раблю.
Крэонт
Да грошай надта хцівыя прарокі ўсе.
Тырэсій
А ўсе тыраны — да ганебнае карысці.
Крэонт
Ці разумееш ты, што кажаш гэта ўладару?
Тырэсій
Вядома ж. Гэтаму даў гораду ратунак
Ты толькі з дапамогаю маёй.
Крэонт
Прарок ты мудры, толькі любіш ты няпраўды.
Тырэсій
Прымусіш ты мяне сказаць, што ў глыбіні
Душы маёй ляжыць дагэтуль нерухома.