реклама
Бургер менюБургер меню

Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 40)

18
Пашану я, мяне хваліць разумны будзе. Мой родны брат! Што гэткім чынам я цябе Ушанавала — бачыць грэх у тым адзін Крэонт: То для яго страшэннае злачынства. I вось цяпер вядзе мяне ён гвалтам На смерць. Не зведала я шлюбу, песень Не чула я вясельных, мужа я не мела, Не гадавала і не мела я дзяцей. Іду ў дол да памерлых я, жывая, Няшчасная, адна, без тых, каго люблю. Які ўсё ж я закон багоў пераступіла? Ці ж трэба мне, няшчаснай, на багоў яшчэ Надзею мець? Каго ж я абаронцам Магу назваць між іх сваім? То ж я, Зрабіўшы справу добрую, злачынцай стала. Дык вось багі што лічаць добрым! Калі так, Дык трэба ж мне згадзіцца, што нясу Пакуту я за грэх свой сапраўды. Калі ж на вас ляжыць віна, жадаю Цярпець не больш, чым я цярплю бязвінна.

Карыфей

Той жа імпэт супраціву яшчэ У душы яе моцны й цяпер.

Крэонт

Што ж, пасля вы, якія вядзеце яе, Слёзы будзеце ліць за маруднасць сваю.

Антыгона

Гэтым словам мяне пасылаюць на смерць. Як цярплю я, як цяжка на сэрцы!

Крэонт

Суцяшаць я не буду цябе, што змяню Над табою прысуд свой ранейшы.

Антыгона

О зямелька Фіванская, горад бацькоў! О багі мае родныя! Паміраю. За што? Без віны. Паглядзіце, фіванскія ўсе ўладары: Я, апошняя з царскай сям’і, Ад каго і як цяжка цярплю! І за што? — Што любіла багоў Ды законы багоў шанавала.

СТАСІМ ЧАЦВЁРТЫ

Хор

Страфа першая Змяніла й Даная[49] святло нябёс На цемру мядзянае вежы. Замкнулі, схавалі яе Ў магільным пакоі. Яна ж была слаўнага роду дзіця I мела сыночка ад Зеўса, Які да яе ўсё прыходзіў дажджом залатым. Але страшэнную нейкую сілу Лёс мае над намі. Вызваліць нас ад яго не можа нішто — Ні меч, ні багацце, ні вежа, Ні чорны, між хваль, карабель. Антыстрафа першая Дрыанта[50] запальчывы сын, Гедона ўладар — I ён быў таксама ў няволі. За кпіны і злосць яго Дыяніс Замкнуў у каменнай турме. Шаленства страшэнную моц выяўляў ён. Быў ён пакараны вар’яцтвам За тое, што з бога смяяўся,