Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 36)
Што словам ён найлепш валодае, што ён
Адзін велікадушны — брахуном пустым
Аказваецца потым у жыцці сапраўдным.
Бо нават мудрацу не сорамна ніколі
Вучыцца шмат чаму й не быць занадта ўпартым.
Струмень бурлівы так мілуе тыя дрэвы,
Якія гнуцца перад ім, а тыя,
Што не згінаюцца — з карэннем вырывае.
Як ветразей не хоча скласці і марак
Прад бурай, карабель яна перавярне —
I будзе на кілі марак той выплываць.
Не будзь жа ўпарты, бацька: свой прысуд змяні,
Бо калі я, малодшы, думку мець сваю
Магу — кажу я, што вышэй за іншых толькі той,
Хто будзе поўны мудрасці заўсёды.
Калі ж не так (бо мала гэткіх ёсць людзей),
Дык слухаць трэба тых, хто раіць добра.
Карыфей
Калі, ўладар, ён мудра кажа, слухайся яго,
А ты — яго. Абодва добра вы казалі.
Крэонт
Я ўжо стары. Няўжо вучыцца буду
Я розуму ад гэткіх дзецюкоў?
Геман
Вучыся толькі праўдзе ты! Калі ж я малады,
Глядзі не на гады мае, але на справы.
Крэонт
Злачынцаў шанаваць — твая такая справа?
Геман
Злачынцаў шанаваць не стаў бы я прасіць.
Крэонт
I гэтую злачынцай ты не лічыш?
Геман
Увесь народ фіванскі гэтага не лічыць.
Крэонт
Ці можа мне народ загадваць, як рабіць?
Геман
Цяпер вось ты сказаў, як малады дзяцюк.
Крэонт
Ці я, ці іншы хто тут мае ўладу?
Геман
Належаць горад і не можа аднаму.
Крэонт
Уласнасць ён таго, хто ўладу мае.
Геман
Як добра быў бы ты ў пустыні ўладаром!
Крэонт
Ну, за жанчыну ты, як бачу, добра б’ешся...
Геман
Калі жанчына — гэта ты. Я дбаю пра цябе.
Крэонт
Нягоднік! З бацькам ты спрачаешся праз гэта?
Геман
Бо ж бачу я, як робіш ты няслушна.
Крэонт
Ці ўсё ж няслушна — ўладу шанаваць сваю?
Геман
То не пашана ўладзе, то багам знявага.
Крэонт
Жанчыны раб, які ты брыдкі мне!
Геман
Ганебных спраў затое я рабом не буду.
Крэонт
Ты ў кожным слове толькі й думаеш аб ёй...
Геман