Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 35)
Яны шануюць так, як бацька сам.
Што ж нам сказаць аб тым, хто нарадзіў
Дзяцей благіх? Ён нарадзіў бяду
Сабе і вечны смех для ворагаў сваіх.
Так і цяпер, мой сын, ты розуму не страць
Дзеля жанчыны, што дае табе пацеху.
Бо ведай, што, калі благая жонка ў хаце,
Халоднымі табе яе абдоймы будуць,
Бо дрэнны друг — найгоршая бяда.
З пагардаю, як ворага, адкінь яе:
Няхай другіх сабе шукае пад зямлёй.
Адкрыта я пры ёй засведчыў, што яна
Адна з усіх пайшла супроць загаду.
Прад грамадзянамі не буду брахуном,
Але заб’ю яе! Няхай Зевеса кліча
Сямейнага. Бо родным я калі дазволю
Ісці супроць мяне — тым больш чужыя пойдуць.
Калі хто будзе ў хаце ўласнай добры —
Ў дзяржаўных справах той карысць нам прынясе.
А хто пачне пераступаць законы
Альбо надумаецца йсці супроць цароў,
Таму ніколі я не дам пашаны.
Каго народ абраў, таму ты паслухмяны будзь.
У справах усялякіх — добрых, дрэнных —
Такі, скажу я смела, будзе добра й сам
Другімі кіраваць, і слухаць кіраўніцтва.
I ў час страшэннай бітвы цвёрды будзе ён,
Сябрам сваім паплечнік добры і праўдзівы.
За безуладдзе ж горшага няма няшчасця:
Яно дзяржавы губіць і руйнуе хаты
Дашчэнту, і паплечнікаў у бітве
На ўцёкі гоніць. I, наадварот, ратуе
Заўсёды паслухмянства тых, хто паслухмяны.
Дык вось чаму законы трэба бараніць.
Жанчыне ж нельга нам ніколі паддавацца —
Калі ўжо трэба, лепш загіну ад мужчыны,
Чым каб казалі, што жанчыне паддаюся.
Карыфей
Калі яшчэ ў старога розум не загінуў,
Здаецца мне, што ўсё разумна ты казаў.
Геман
Даюць багі ўсім людзям, бацька мой,—
Рэч лепшую за ўсё, што толькі ў свеце ёсць.
Не здолеў бы я й здолець не хацеў бы
Давесці, што няправільна ты ўсё казаў.
Але ж і ў іншых думка добрая быць можа:
Лягчэй магу я за цябе разведаць,
Што кажуць і каго ганьбуюць людзі.
А простаму народу жудасны твой позірк —
Не скажа ён таго, чаго не любіш ты.
Я ж непрыкметна чуць ўсё магу, што кажуць.
Шкадуе гэтаую дзяўчыну ўвесь народ,
Бо менш за ўсіх жанчын павінна згінуць,
Ліхую смерць панесці дзеля справы слаўнай.
Што брата роднага, які ў баі загінуў,
Непахаванага, яна не захацела
Пакінуць птушкам ды сабакам злым —
Хіба ж яна вянка не варта залатога?
Такая гутарка таемная ідзе.
А для мяне няма нічога даражэй
За тое, каб усё шчасліва йшло ў цябе.
Бо для дзяцей ёсць слава — бацькаў дабрабыт.
Ты не насі ў душы такога меркавання,
Што толькі тое правільна, што кажаш ты.
Бо той, хто думае, што ён адзін разумны,