Iсмэна
Якое мне жыццё ўжо будзе без цябе?
Антыгона
Крэонта запытай — аб ім ты клопат мела.
Iсмэна
Чаму ж з мяне смяешся? Ў тым няма ж карысці.
Антыгона
Калі з цябе смяюся — я сама нясу пакуту.
Iсмэна
Чым я цяпер магла б уцеху даць табе?
Антыгона
Дбай пра сябе. Твайму збаўленню не зайздрошчу.
Iсмэна
Ох, гора мне! Няўжо твой лёс не падзялю?
Антыгона
Ты ж выбрала жыццё, а я абрала смерць.
Iсмэна
Але ж усіх маіх не ведала ты думак.
Антыгона
Адно здаецца добрым мне, а іншае табе...
Iсмэна
Але ж у нас абедзвюх роўная віна.
Антыгона
Адважнай будзь. Жыві, а я... я ўжо даўно
Памерла. I памерлым я карысна толькі.
Крэонт
Як бачу, звар’яцелі дзве: адна цяпер,
Другая ж гэткаю была ад нараджэння.
Iсмэна
У тых, пакуту хто нясе, ўладар, іх розум
Не гэткі ўжо, як быў раней: знікае ён.
Крэонт
Як у цябе. Ты ж з дрэннымі рабіла ліха.
Iсмэна
Што мне ў жыцці адной, калі яе не будзе?
Крэонт
Аб ёй ты не кажы, памерла ўжо яна.
Iсмэна
Няўжо нявестку сынавую ты заб’еш?
Крэонт
Зямельку каб араць, палёў ты знойдзеш шмат.
Iсмэна
Не знойдзеш ты суладдзя, што было між імі.
Крэонт
Я дрэннай жонкі сыну не хачу майму.
Антыгона
О мілы Геман, бацька зневажае як цябе!
Крэонт
Абрыдла мне ўжо ты з тваім каханнем разам.
Карыфей
Няўжо разлучыш з ёю сына ты свайго?
Крэонт
Магіла, смерць — вось хто разлучыць іх!
Карыфей
Прысуд твой — бачу я — каб ёй ісці на смерць?
Крэонт
I твой, і мой. Марудзіць досыць! Гэй вы, слугі!
Ў палац адвесці іх! I там, у гінейкеі[41],
Трымаць іх пільна і нідзе іх не пускаць,
Бо уцякаюць нават смелыя, калі
Канец жыцця ўжо бачаць прад сабой.
Варта адводзіць Антыгону і Ісмэну ў палац, праз левыя дзверы. Крэонт панура сядае на каменную лаву.
СТАСІМ ДРУГІ
Xор
Страфа першая