Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 31)
Спрадвеку існаваў, заўсёды ён жыве;
Ніхто не ведае, калі з’явіўся ён.
Я за яго баялася перад багамі
Адказ даваць — людзей жа не баюся я зусім.
Я ж добра ведаю, што я памру, хаця б
Ты мне й не пагражаў. Чаму ж і не памерці?
Я смерць раней пары карыснаю лічу.
Бо хто жыве — як я — сярод няшчасцяў сталых,
Няўжо лічыць не будзе смерць жаданым сном?
Таксама й для мяне зусім не будзе гора
Такі мець лёс. А вось калі б я брата
Памерлага пакінула непахаваным —
Было б вось гэта гора. Іншага не знаю.
Табе здаецца, што раблю я як дурная? —
Глядзі, каб ты не быў дурнейшы за мяне.
Карыфей
Суровы бацькаў дух паказвае дзіця
Суровае — хіліцца прад бядой не ўмее.
Крэонт (да Антыгоны)
Дык ведай жа, што дух занадта цвёрды
Тым падае лягчэй. Таксама бачыць можаш,
Як цвёрдае жалеза, калі мы яго
Ў агні распалім і яшчэ цвярдзейшым зробім —
Лягчэй ламаецца і крышыцца яно.
Я ведаю, што наравісты конь аброццю
Маленькаю кіруецца. Бо нельга быць
Занадта гордым тым, хто ў іншых пад уладай.
(Да старцаў.)
Злачынства першы раз яна зрабіла,
Калі не споўніла абвешчаны загад;
Другі раз — вось цяпер, калі, пасля учынку,
Яна ім пахваляецца й смяецца з нас.
Не буду я мужчына — дык яна ім будзе,
Калі без кары ёй абыдзецца злачынства.
Але хаця б яна раднейшай за сястру
Была мне — і за ўласную маю сям’ю —
Яны ад кары самай жорсткай не ўцякуць —
Яна з сястрой сваёй. Бо і яе таксама
Я вінавачу ў тым, што і яна супольна
З сястрою раілася труп той пахаваць.
(Да варты.)
Паклічце мне яе. Ў палацы бачыў я,
Шалела як яна і розуму не мела.
Звычайна бо душа злачынцу выдае
Раней, чым выкрытага ў змове, схопяць.
Але найгоршы той, хто, схоплены на месцы,
Пасля віну сваю за словамі хавае.
Антыгона
Ці больш жадаеш ты, чымся забіць мяне?
Крэонт
Нічога больш. То ўсё, чаго жадаю.
Антыгона
Чаму ж яшчэ марудзіш? Словы ўсе твае
Мне прыкрыя і будуць прыкрымі заўсёды.
Дый і табе таксама я зрабіла прыкрасць.
Але ж чым я магла б здабыць такую славу,
Якую здабыла я, брата пахаваўшы?
(Да хору.)
Вы ўсе згадзіліся б, што я зрабіла добра,
Калі б не скоўваў страх вам вуснаў гэтак.
Крэонт
Так думаеш з усіх кадмейцаў[39] ты адна. Антыгона
Такія ж думкі ў іх — але перад табой маўчаць.
Крэонт
Не сорамна табе не быць з усімі разам?