Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 30)
Вартаўнік
Я ўбачыў, як хавала труп яна, які
Забараніў хаваць ты. Ясна я кажу?
Крэонт
I як яе ты ўбачыў, як яе схапіў?
Вартаўнік
Вось як усё было: калі вярнуўся я,
Бы сам не свсй — страшэнна ж ты мне пагражаў —
Змялі мы ўвесь пясок, што цела пакрываў,
I добра агалілі мы гніючы труп.
Пасля на ўзгорачку пад ветрам селі мы,
Каб не чуваць смуроду, што ад трупа йшоў.
I грубай, брыдкай лаянкай адзін з нас аднаго
Будзіў, калі хто-кольвечы пры справе той драмаў.
Так час павольна йшоў. I вось на небе ўжо
Ў сярэдзіне заззяў бліскучы сонца круг.
Зрабілася спякота, сквар. Ды раптам бура,
З зямлі падняўшы пыл, які да неба йшоў,
Напоўніла раўніну — ў лесе ўсё лісцё
Яна зрывала, захапіла неба ўсё
Бязмежнае. Закрыўшы вочы, мы
Чакалі, покуль пройдзе божая напасць.
Калі ж праз доўгі час ізноў заціхла ўсё —
Дзяўчыну бачым мы. Так горка плакала
Яна, як быццам птушка, што гняздо сваё
Убачыла сірочым і пустым, без птушанят.
I вось яна, угледзеўшы той голы труп,
Загаласіла і праклёны пачала
Нядобрыя кідаць на тых, хто так зрабіў.
Пасля ў руках пяску сухога прынясла,
Падняўшы медны, добра куты келіх,
Патройным узліяннем труп ушанавала.
Убачыўшы яе, мы кінуліся — й зараз
Схапілі, але ў ёй не ўбачылі мы страху.
Мы ёй сказалі, што яна ж зрабіла гэтак
Раней, як і цяпер. Яна не адмаўлялася
Ні ад чаго. Было прыемна мне і сумна:
Прыемна — уцячы самому ад бяды,
Але зрабіць няшчасце добрым людзям — сумна.
Аднак жаданне ўласнага збавення
Было мацнейшым за ўсе гэтыя пачуцці.
Крэонт
Ты, ты! Кажы, чаму так голаў апусціла?
Ці ты зрабіла гэтае, ці не?
Антыгона
Не адмаўляюся — я гэтае зрабіла.
Крэонт (да вартаўніка)
Ты вольны — йдзі цяпер, куды жадаеш,
Свабодны ад віны ў злачынстве цяжкім.
Вартаўнік выходзіць.
Крэонт (да Антыгоны)
А ты кажы мне коратка і ясна:
Ці ведала загад, каб не рабіць таго?
Антыгона
Я добра ведала... ўсім ён вядомы быў.
Крэонт
Адважылася ўсё-ткі ты пераступіць загад?
Антыгона
Напраўду, то не Зеўс агаласіў яго.
I Дыка[38], што жыве з падземнымі багамі,
Людзям такіх законаў не давала.
I твой загад я не магла лічыць такім,
Каб, дадзены людзьмі, ён мог бы скасаваць
Закон багоў, няпісаны ды вечны.
Не ўчора, не цяпер з’явіўся той закон: