реклама
Бургер менюБургер меню

Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 29)

18
Над дзікім львом між гор і накладае Ярмо на лёгкагрывага каня, таксама Як і на чорнага быка. Страфа другая Ён мову стварыў, заўладаў I думкай імкліваю, ён Законы даў гарадам, збудаваў Хаты, каб уцякаць Ад халадоў і дажджоў. Многаразумны, ён страху не знае зусім Прад тым, што надыдзе. Толькі не можа ён перамагчы Смерці, хоць ад цяжкіх хваробаў Лекі знайшоў. Антыстрафа другая Ён мудра мастацтвы стварыў: Ніколі такіх не было. Але блукае між злом і дабром: Законы людзей паважае I праўду святую багоў. Першы ў горадзе будзе апошнім, калі Адважны ён толькі на зло. Разам з такім я не буду дзяліць Ні хаты, ні думак.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

З боку поля ўваходзіць вартаўнік, які вядзе Антыгону.

Карыфей

Цуд які перада мной! Не магу зразумець: Антыгону тут бачу вачыма сваімі. Ці магу я сказаць, што яна — не яна? Ох, няшчасная ты! I Эдыпа няшчаснага ты дзіцянё! Няўжо ж захацела загадам цара Не паддацца? Няўжо ў самы раз, калі ты Неразумную справу зрабіла сваю, Тут схапілі цябе ды сюды прывялі?

Вартаўнік

Але, яна і ёсць, што гэта ўсё ўчыніла. Яе схапілі мы на месцы. Дзе ж Крэонт?

Уваходзіць Крэонт.

Карыфей

Вось ён цяпер з палацу йдзе якраз.

Крэонт

Што, што такое? Да чаго цяпер прыйшоў я?

Вартаўнік

Уладар, ніколі нам даваць зароку нельга, Другая думка ворагам быць можа першай. Вось клятву я даваў, што больш ужо сюды Я не прыйду: баяўся я тваіх пагроз. Але здаецца, што вышэй за ўсе уцехі Нам радасць неспадзеўная заўсёды. I я прыйшоў, і клятвы не стрымаў свае. Дзяўчыну я вяду. Яе схапілі мы, Як труп яна хавала. Тут мы ўжо кідаць Не сталі жэрабя — згадзіліся мы ўсе, Што гэтая знаходка толькі ўжо мая. Вось, уладар, бяры яе — як ты жадаеш — Судзі, катуй. А я магу цяпер ісці, Бо ў тым злачынстве, бачыш, быў бязвінны я.

Крэонт

Дык ты яе вядзеш? Дзе, як схапіў яе?

Вартаўнік

Хавала труп яна — вось, ведаеш ты ўсё...

Крэонт

Ці добра разумееш ты, што кажаш мне?