реклама
Бургер менюБургер меню

Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 23)

18

Iсмэна

Калі стаіць так справа, што б магла зрабіць Пры ўсім маім жаданні я, сястрычка?

Антыгона

Ці будзеш ты рабіць са мною разам, што хачу?

Iсмэна

У чым жа небяспека — ў думцы што ў тваёй?

Антыгона

Ці разам ты са мной падымеш братаў труп?

Iсмэна

I пахаваць, што ўсім Крэонт забараніў?

Антыгона

Як мне, так і табе ж ён брат. Калі ж са мной Не хочаш быць, адна яму не здраджу я.

Iсмэна

О неразумная! Няўжо ж насуперак цару?

Антыгона

Не можа ён не даць мне абавязак споўніць.

Ісмэна

Бяда! Бяда! Сястрычка, ўспомні ты, як бацька, Багамі зненавіджаны, ў няславе згінуў, Як сам, свае злачынствы выявіўшы, ён Рукой уласнаю абодва вокі вырваў, А потым маці, што і жонкаю яму была, Пятлю зрабіўшы, скончыла сваё жыццё. Дый два браты ў адзін той самы дзень, Бяздольныя, забілі брата брат, і лёс Адзін спаткаў абодвух ад уласных рук. Цяпер глядзі: з сям’і мы засталіся дзве, I як ганебна згінем мы, калі загад Тыранаў мы парупшм, пойдзем насупор. Яшчэ падумай: мы жанчыны ўсё ж з табой — З мужчынамі змагацца цяжка нам, сястра. Яшчэ падумай: ёсць над намі ўлада ўсё ж — Загад мы мусім споўніць, каб найгоршы быў. Я прабачэнне выпрашу ў нябожчыкаў маіх, Што, сілаю прымушаная, так раблю. Што паддаюся ўладарам я, бо няма ж I сэнсу ў тым, калі рабіць звыш сіл мы будзем.

Антыгона

Не буду я прасіць, не, не! Калі б ты нават Жадала — ўжо з табой не буду я рабіць. А ты, як хочаш, думай. Брата ўсё ж свайго Я пахаваю і памру ахвотна. Ляжаць я буду з мілым, мілая яму, Святы зрабіўшы грэх, бо з ценямі даўжэй Мне будзе трэба жыць, чым з тым, хто на зямлі. Там буду вечна жыць, а ты, закон багоў Парушыўшы, жыві, як хочаш, гэтак тут.

Iсмэна

Закон багоў я не парушу. Толькі я Слабая надта, каб супроць цароў ісці.

Антыгона

Вось — добрая прычына! Я ж цяпер курган Пайду насыплю брату міламу майму.

Iсмэна

Бядотная! Як боязна мне за цябе!

Антыгона

Не бойся за мяне — лепш думай пра сябе.

Iсмэна

Глядзі ж, пра гэта больш нікому не скажы. Хай тайнай будзе ўсё, і буду я маўчаць.

Антыгона

Не, не — ўсім раскажы! Калі пра гэта ўсім Не скажаш — будзеш ты агіднейшаю мне.