Гэтага так загубіў,
Іншых іначай караў вялікі, грозны Арэй —
Вечна спагадны нам бог.
Карыфей
Супраць брамаў сямі вось — сямёрка цароў,
Што змагацца хацелі адзін на адзін.
Зброю ўсю яны кінулі Зеўсу сваю.
Толькі тыя няшчасныя двое братоў,
Што супольных бацькоў мелі, ў бітву пайшлі —
Брат на брата з магутнаю зброяй сваёй,
I абодва загінулі ў бойцы адной.
Антыстрафа другая
Xор
Але спагадная нам вялікая Ніка[36]
З ласкаю ў Фівы ўвайшла, коньмі славуты горад.
Трэба забыцца цяпер
На вайну, што была.
Пойдзем да храмаў багоў,
Цэлую ночку вадзіць карагоды мы будзем.
Тьіх карагодаў Вакх[37] — правадыр.
Карыфей
Але вось уладар нашай роднай зямлі,
Сын Менойкаў, Крэонт.
Даручылі цяпер яму ўладу багі.
Ён ідзе. Думка нейкая ёсць у яго.
I таму загадаў ён старшыням усім
Тут сабрацца на сход.
Абвясціў ён аб гэтым усім.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Крэонт (уваходзячы з боку поля бітвы)
О, грамадзяне, горад наш багі патрэслі
Ў вялікай буры й зноў у прыстань прывялі.
З усіх фіванцаў вас паслаў я запрасіць,
Каб вы прыйшлі, бо добра ведаў тое,
Што вы заўсёды шанавалі ўладу Лая.
Калі ж Эдып наш горад вызваліў і потым
Загінуў сам, прызналі вы яго сыноў
I вернымі падданымі ім засталіся.
Калі ж яны палеглі гэтак разам,
У дзень адзін, бо ўласнымі рукамі
Ў ганебнай бойцы брата брат забілі,
Ўсю атрымаў я ўладу й царскі трон,
Бо я сваяк бліжэйшы тых цароў палеглых.
Але душу спазнаць як цяжка чалавека,
Спазнаць яго характар, думкі, покуль ён
Не мае ўлады і законаў не дае.
Я думаю, што той, хто, маючы уладу
Дзяржаўную, парад не хоча слухаць добрых,
Ад страху ж нейкага язык трымае ў роце,
Такі быў злым даўней, злым будзе і цяпер.
Таго ж, хто болып за Бацькаўшчыну любіць
Сябра свайго — таго нікчэмным я лічу.
Будзь мне за сведку,
Зеўс, хто ўсё заўсёды бачыць:
Маўчаць не буду — замест каб шукаць ратунку,
Калі ў бядзе якойсьці горад наш я ўбачу.
Ніколі й Бацькаўшчыны ворага лічыць
Не буду сябрам я. Бо мне вядома добра,
Што ў ёй адной ратунак, і сяброў сабе
Мы здабываем, ідучы на дапамогу ёй.
Наш горад я ўзмацню такою думкай;
I, згодна з гэтым, абвясціў я грамадзянам
Усім загад мой пра Эдыпавых сыноў.
Я Этэокла, што, змагаючыся, згінуў
За Бацькаўшчыну — ўсіх адвагай перамогшы —