Ў магіле загадаў схаваць і ўсё зрабіць,
Абрады выканаць, як варты той герой;
А Палініка, брата роднага, які,
Вярнуўшыся з уцёкаў, папаліць хацеў
Зямельку родную, багоў спрадвечных храмы
Ушчэнт — і ўпіцца роднаю крывёй жадаў
I грамадзян усіх павесці ў няволю —
Ўсім грамадзянам загадаў я, каб ніхто
Яго не пахаваў, не ліў каб слёз па ім:
Няхай ляжыць ён на зямлі ганебна —
Драпежным птахам і сабакам смачнаю спажывай.
Такі пагляд мой, і ніколі ад мяне
Пашаны дрэнны не займее — так, як добры.
Хто ж любіць Бацькаўшчыну, той — пакуль жыве
Дый пасля смерці — будзе шанаваны мной.
Карыфей
Такі ёсць твой пагляд, Менойкаў сын, Крэонт,
Адносна ворагаў айчыны ды сяброў?
Даваць усім законы ўладу маеш ты
Аб тых, хто ўмёр ужо і хто яшчэ жыве.
Крэонт
Як сталі б вы цяпер за гэтым наглядаць?
Карыфей
Малодшаму за нас ты гэта даручы.
Крэонт
Вартаўнікоў да трупа ўжо прыставіў я.
Карыфей
I што б хацеў яшчэ ты мець ад нас?
Крэонт
Суровым быць да ўсіх, загад хто пераступіць.
Карыфей
Няма такіх дурных, якія б праглі смерці.
Крэонт
Такая й будзе кара. Але часта як
Надзея на карысць людзей губіла ўшчэнт!
Вартаўнік (выходзячы з боку поля)
Я не скажу, ўладар, што шпарка я ляцеў —
I вось чаму сюды, засопшыся, прыйшоў.
Прыпынкаў шмат было ў мяне ад цяжкіх дум.
I шмат разоў хацеў вярнуцца я назад.
Душа мая не раз казала да мяне:
«Гаротнік, што бяжыш, на смерць сваю ідзеш?
Дурны, спыніўся зноў? Калі Крэонт аб тым
Ад іншых будзе знаць, ратунку не шукай!»
Так разважаючы, павольна я ішоў,
I так зрабіўся доўгі шлях кароткі мой.
Аднак адважыўся ў канцы прыйсці сюды:
Не маю што й сказаць табе, але скажу:
Я спадзяюся, што са мною будзе тое,
Што толькі лёс прызначыў мне ў жыцці спаткаць.
Крэонт
Дык што такое? Што спалохала цябе так?
Вартаўнік
Найперш я пра сябе скажу: я справы той
Сам не рабіў; не ведаю і хто зрабіў яе.
Была б то крыўда, каб я пакараны быў.
Крэонт
Навокал справы ходзіш ты... Кажы ясней!
Што здарылася новага? Хутчэй кажы!
Вартаўнік
Адразу не магу сказаць, бо страшна мне.
Крэонт
Хутчэй кажы, і потым вольны пойдзеш ты.
Вартаўнік (нарэшце адважыўшыся)
Ну добра, я скажу. Прыйшоў, не знаю, хто,