Святлом сваім — глядзіце ўсе, глядзіце,
Як мушу я цяпер несправядліва
Цярпець такія страшныя пакуты!
Праметэй правальваецца пад зямлю разам з кавалкам скалы, да якой ён быў прыкуты.
Сафокл
Антыгона
Пераклад Юльяна ДРЭЙЗІНА
(Новая рэдакцыя Л.Баршчэўскага)
Асобы:
КРЭОНТ, фіванскі цар
ЭЎРЫДЫКА, яго жонка
ГЕМАН, сын Крэонта, жаніх Антыгоны
АНТЫГОНА, пляменніца Крэонта, нявеста Гемана
ІСМЭНА, яе сястра
ТЫРЭСІЙ, стары дзед, прарок, сляпы
ВАРТАЎНІК
ВЯСТУН
ХЛОПЧЫК, павадыр Тырэсія
КАРЫФЕЙ ХОРУ
ХОР фіванскіх старшыняў.
Слугі, рабы Крэонта, прыслужніцы Эўрыдыкі
ПРАЛОГ
Дзеянне адбываецца перад царскім палацам у Фівах.
Антыгона (выклікаючы з палаца Ісмэну)
Ісмэна, родная сястрычка ты мая!
Ці ведаеш, яшчэ якога гора
Не даў нам Зеўс за грэх Эдыпа-бацькі?
Цярпенне, ганьба, здзек: пакуты ад багоў —
Ці ёсць што-небудзь, хоць чаго, сястра, з табой
Не бачылі бы мы — і ты, і я — ў жыцці?
I зноў цяпер — які яшчэ загад аддаў,
Як кажуць, усяму народу новы цар?
Не чула? Не яшчэ? Не ведаеш, што вораг
Рыхтуе зло таму, хто нам за ўсіх мілейшы?
Iсмэна
Не мела весткі я пра нашых дарагіх
Ні добрае, ні дрэннай з той пары, сястра,
Як страцілі мы разам двух сваіх братоў,
Што ў дзень адзін загінулі ад рук
Уласных. Як архейцы зноў пайшлі дамоў
Уночы сёння, новай весткі не было —
Ні добрае, ні дрэннай, як было й раней.
Антыгона
Я гэта ведала. З палацу я цябе
Паклікала — з табой адной пагаварыць.
Iсмэна
Што, што, сястра? Чаму хвалюешся ты гэтак?
Антыгона
Ці ж не аддаў загад Крэонт, каб аднаго
З братоў ледзь пахаваць, на здзек аддаць другога?
Аддаў зямельцы Этэокла, кажуць, ён,
Усё зрабіўшы, як належыць пры хаўтурах.
Душы яго пачэснае ў Падзем’і месца даў.
Наконт няшчаснага Палініка Крэонт
Даў грамадзе наказ усёй, каб аніхто
Ў зямлі не пахаваў і слёз па ім не ліў —
Без могілак, без слёз пакінуць на зямлі
Драпежным птахам смачную спажыву —
Такі загад аддаў наш добранькі Крэонт,
Як кажудь, мне й табе. I мне, кажу, і мне!
Сюды ідзе Крэонт, каб ясна абвясціць
Тым, хто не ведае, загад свой. Мае быць
Паважны той загад. Забіты будзе той
Каменнем, хто адважыцца рабіць супроць.
Вось справа як стаіць. Пакажаш хутка ты —
Дачку якую мелі нашыя бацькі.