Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 14)
Зрабіў мой бацька — з дому выправіў мяне,
Насуперак сваёй ахвоце і маёй,
Паддаўшыся Зевесавай уладзе.
Адразу ж розум мой, маё аблічча
Змяніліся: тут рогі выраслі,
Сляпень за мною з вострым джалам учапіўся,
Я паімчалася шалёнымі скачкамі
Да тых гаючых струмянёў керхнэйскіх[17]
I да Лернэйскае крыніцы. Аргас,
Бязлітасны пастух, дзіця зямное,
За мной паўсюды йшоў і ўсё сачыў
Шматлікімі вачмі сваімі. Ды раптоўна
Скон напаткаў яго, а я па свеце,
Багамі гнаная, скусаная сляпнём,
Блукаю з краю ў край... Цяпер вядомая
Табе гісторыя мая. Ты можаш расказаць
Пра новыя пакуты, што мяне чакаюць.
Кажы ды, спачуваючы, не хлусь!
Няма заганы горшай за хлусню.
ФРЭНАС
Xор
Досыць! Досыць! Спыніся! Ах!
Мы не думалі ніколі, ніколі,
Што апавяданне дзіўнае тваё
Так наш слых уразіць; што нясцерпным
Невыносным болем — лязом двухвострым —
Сэрца ганьба твая пратне нам!
О наканаванне! Наканаванне!
Лёс, Іо, твой бачыць так цяжка нам!
Праметэй
Занадта рана жахаешся ты і плачаш:
Даведайся і пра астатняе, пачакай.
Xор
Дык гавары! Бо хвораму суцяшэнне —
Пра боль свой будучы даведацца.
Праметэй
Вы лёгка атрымалі ад мяне, што напачатку
Хацелі: расказала вам яна сама
Журботнае апавяданне пра пакуты.
Цяпер, дазвольце, я вам раскажу,
Што за няшчасці гэтую дзяўчыну
Чакаюць, Гераю падрыхтаваныя.
Дзіця Інахава, трымай у сэрцы словы
Мае — каб ведаць, дзе канец тваіх блуканняў.
Адсюль назааранымі палямі
На ўсход ты пойдзеш і нарэшце прыйдзеш
Да скіфаў тых вандроўных, з лукамі,
Чыё жытло — ў хацінах трысняговых,
Усталяваных проста на калёсах.
Да іх занадта блізка ты не падыходзь,
Але трымайся берага марскога; леваруч
Там застанецца край халібаў-кавалёў;
Яны — народ суровы, негасцінны...
Іх лепш асцерагацца. Да ракі ты прыйдзеш,
Што Крыўдаю завецца справядліва:
Няма ў ёй броду, й ты яе не пераходзь.
Тады ты выйдзеш да Каўказа — да гары,
За ўсё вышэйшай, дзе з вяршыні самай
Зрываецца паток уніз. Пяройдзеш ты
Хрыбты, што з зоркамі суседзяць,
I накіруешся на поўдзень: амазонак —
Мужчынам варагіняў — там спаткаеш,
Што пасяліліся калісьці ў Тэміскіры
На Тэрмадоне[18], дзе пагрозна Сальмідэс
Бяздоннай пашчай караблі пужае;