Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 13)
Хто прыкаваў цябе да гэтае скалы?
Праметэй
Зевеса воля, а Гефэстава рука...
Iо
А ў чым твая віна? За што пакутуеш?
Праметэй
Сказаў табе і так зашмат я. Досыць.
Iо
Ты раскажы, гаротнай, мне, калі
Бадзянні ды пакуты мае скончацца.
Праметэй
Табе не ведаць лешп аб тым, чым ведаць.
Iо
Пакут, што буду я цярпець, ты не хавай.
Праметэй
Калі жадаеш, я зраблю такую ласку.
Iо
Ну, дык чаму ж марудзіш і не кажаш?
Праметэй
Не, проста сэрца кроіць не хачу тваё.
Iо
Ды на мяне ты не зважай больш, чым прашу я...
Праметэй
Калі так хочаш, раскажу я. Слухай.
Xор
Яшчэ не трэба! Дай і нам узяць удзел...
Спачатку хай яна раскажа пра пакуты,
Што выцерпела ўжо, ды пра сваю нядолю.
А пра далейшыя пасля раскажаш ты.
Праметэй
Іо, ты з імі добрай быць павінна,
Бо гэта ж сёстры бацькі роднага твайго;
Апроч таго, расказваць пра свае няшчасці
Заўсёды лепш, калі ў вачах у слухачоў —
Спагады шчырае і суцяшэння слёзы.
Іо
Не ведаю, як я магла б адмовіць...
Вядома ж, вы пра ўсё павінны ведаць;
Хоць і нялёгка мне пра тое гаварыць,
Як навальніца божая мяне, няшчасную,
Дагнала — і ўсю знішчыла маю красу!
Так сніла я ў сваёй дзявочай спальні
Штоночы, як мне прывіды шапталі
Лісліва: «О, шчаслівае дзіця!
Чаму цнатлівасць ты захоўваеш так доўга,
Калі табе наканаваны найвышэйшы шлюб?
Бо Зеўс, стралой любоўнаю працяты,
З табой спажыць дароў Цытрэі[15] хоча.
Не будзь упартаю, сыдзі ў даліну Лерны[16],
Да пашаў бацькавых і Зеўсаў позірк палкі
Сваім каханнем шчырым наталі!»
Пакуты мела я ад гэткіх сноў,
Пакуль не расказала бацьку ўсё пра іх.
I шмат ганцоў паслаў ён у Піфо,
Ў Дадону — каб даведацца, як можна —
Малітваю ці словам — дагадзіць багам.
Але загадкавыя звеставанні
Прыносілі ганцы, і ўсё занадта цёмна
Было ўвесь час... Нарэшце да Інаха
Прыйшоў адказ выразны: ён павінен
Мяне прагнаць і з дому, і з радзімы,
Каб я адна блукала па ўсім свеце —
Інакш адразу ж бліскавіцай з неба
Ударыць Зеўс і ўвесь наш знішчыць род!
Так, як сказаў аракул Апалонаў,