Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 12)
Зноў ён, пастух тысячавокі —
З позіркам хлуса — крадзецца за мною.
Смерць яго не схавала нават
У апраметнай — ён з царства мёртвых
Выйшаў і без супыну мяне
Пераследуе; мяне, галодную
I няшчасную. Мчыць па ўзбярэжжы ён,
Топча пясок.
Страфа
Жалейка, злепленая з воску,
Спявае песню, уздыхае.
Ах, што за гора! што за гора!
Куды мяне вядзе дарога?
Дзіцятка Кронава, ты мяне ў чым
Выкрыць магдо? За што кару ты
Паслала мне?
Аваднём джаляць страх і вар’яцтва.
Агнём спалі, зямлёю
Засып мяне, зрабі для гадаў марскіх пакормам!
Модлы мае пачуй,
Слаўны ўладару!
Досыць вандроўніца павандравала;
Дзе і канец, невядома,
Гэтых пакутаў цяжкіх
Ці дзяўчыну гаротную ты чуеш?
Праметэй
Як жа магу не пачуць я голасу
Гэтай дзяўчыны, дачкі Інаха[14],
За якой авадзень гоніцца й якая,
Зеўсу каханнем душу спапяліўшы,
Па свеце з волі Геры злой туляецца?
Iо
Антыстрафа
Хто сказаў табе імя майго бацькі?
Хто ты ёсць — адкажы, злітуйся з мяне.
Хто табе, гаротны, пра гора Іо
Расказаў усё, як ёсць?
Ты назваў хваробу, што бог мне паслаў —
З месца на месца лячу я,
Мучыць гэтае джала мяне.
Ах, як сюды я ляцела!
Голадам змораная,
Гера гнала мяне з помслівай злосцю.
Хто гаротнік той, чый боль
Параўнацца можа з маім?
Ты мне выразна скажы, якія
Будуць пакуты мне наканаваны,
Як мне хваробу перамагчы —
Ведаеш — дык скажы. Я малю цябе:
Дай адказ дзяўчыне беднай.
Праметэй
Усё, што ўведаць хочаш, раскажу табе,
На ўсё адказ я шчыры й просты дам,
Як гэта між сябрамі толькі робіцца.
Я — Праметэй, што даў агонь людзям.
Iо
О дабрадзей смяротных, бог бяздольны,
За што ж пакутуеш ты, Праметэй?
Праметэй
Я толькі што бяду сваю адплакаў.
Iо
І мне даведацца пра гэтае не суджана...
Праметэй
Я раскажу пра ўсё, пгго ведаць хочаш.
Iо