Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 16)
Праметэй
Адзін з тваіх нашчадкаў гэта быць павінен[19].
Iо
Што? Вызваліць цябе адзін з маіх сыноў?
Праметэй
У трэцім пакаленні пасля дзесяці.
Iо
Не разумею я, што ты прадказваеш...
Праметэй
Не трэба ведаць пра свой лёс табе...
Iо
Таго, што абяцаў, не пазбаўляй мяне.
Праметэй
З двух прадказанняў ты адно пачуеш.
Iо
Але з якіх тых двух? Што выбіраць мне?
Праметэй
Вось выбар твой: ці ўведаеш пра тое,
Які твой будзе лёс, ці — хто мяне ўратуе.
Xор
Ёй лепей першую зрабі паслугу,
А мне — другую. Раскажы ёй зараз,
Што ў будучым яе чакае. Мы ж
Хацелі б ведаць, хто твой будзе збаўца.
Праметэй
Калі вы хочаце — не буду я пярэчыць
I раскажу пра ўсё, што вы прасілі.
Найперш, Іо, я апішу твае блуканні,
А ты іх замацуй у сваёй памяці.
Раку між кантынентамі двума праплыўшы,
На Ўсход ты пойдзеш, шляхам промняў сонца,
Пераплывеш па хвалях мора, аж пакуль
Патрапіш на Гаргонавы палі Кісфены[20],
Дзе Форкія дачок жытло — трох веквух,
Падобных да лябёдак, з адным вокам,
З адным на ўсіх трох зубам. I ні сонца
Удзень, ні месяц уначы не асвятляе
Іх промнямі сваімі. А паблізу
Там тры крылатыя сястры жывуць —
Гаргоны змеякудрыя, што ненавідзяць
Усіх людзей. Калі смяротны іх убачыць,
Ён больш паветра не ўдыхне. I я хачу
Цябе пра гэта папярэдзіць! I яшчэ
Я пра адно відовішча скажу: паберажыся
Зевесавых ахоўнікаў бязмоўных — грыфаў,
Ды вершнікаў тых аднавокіх, арымаспаў,
Што поблізу вады жывуць, каля ракі Плутона[21],
Якая залаты пясок нясе з сабою.
Да іх не набліжайся... Потым прыйдзеш
У край далёкі, да народу чорнага,
Што каля сонечных крыніц жыве, там дзе струменіць
Рака Эфіёп[22]. Берагоў яе трымайся,
Пакуль не ўбачыш вадаспад: як з гор Біблоса
Чысцюткую ваду свяшчэнны Ніл скідае.
I на зямлю трохкутную[23] ён прывядзе цябе —
Ў Егіпет, дзе табе, Іо, і будучым унукам
Наканавана слаўнае паселішча закласці...
Калі ж ты нешта да канца не зразумела,
Перапытайся, прасвятлі, як мае быць
Бо часу вольнага зашмат я маю тут.
Xор
Калі дадаць ты можаш штосьці да таго,
Што расказаў ёй пра яе блуканні,
Дык гавары. А не — дык выканай
Тады і нашу просьбу — пэўна ж, не забыўся...