Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 17)
Праметэй
Яна пачула ўсё пра шлях блуканняў свой,
Але праўдзівасць слоў маіх пацвердзіць трэба,
Таму, каб прадказанні мае спраўдзіць,
Я раскажу пра тое, што было дагэтуль з ёй.
Падзей было багата, і хачу я толькі
Спыніцца на апошняй частцы падарожжа.
Калі ў Малосскія палі прыйшла ты,
Да стромых гор Дадоны, дзе жыве аракул
Зевеса Феспратыйскага[24] і дзе дубы —
О дзіва! — гаварыць умеюць. Вось яны цябе
Віталі так, як будучую жонку Зеўса —
Ці ж самалюбства тым не ўсцешана тваё? —
Тады ты, гнаная шаленствам, паляцела
Па беразе да бухты Рэі, і адтуль
Назад цябе пагнала бура. Мусіш ведаць,
Што тую бухту Іанійскай назавуць
Як памяць пра твае пакуты за смяротных!
Вось маеш доказ, што відно маім вачам
Намнога болей, чым вачам астатнім.
І пра далейшае і ёй, і вам скажу —
Працяг майго ранейшага аповяду...
Ёсць горад на краі Егіпецкай зямлі,
Каноб завецца ён, ляжыць пры вусці Ніла.
Там верне Зеўс табе ранейшы розум
Адным ласкавым дотыкам сваім.
Яму народзіш ты сыночка чорнага
Эпафа[25], ён будзе ўздоўж і ўпоперак
Зямлю ўрабляць, арошаную Нілам, тую,
I ў пятым пакаленні пяцьдзесят дзяўчат[26],
Ягоныя нашчадкі, вернуцца назад,
У Аргас, каб пазбегнуць шлюбаў
З стрыечнымі братамі; а яны, як каршуны
Што на галубак нападаюць, паімчацца
За імі ўслед, у шале нестрыманым.
Ды не дазволіць Зеўс тых шлюбаў згубных:
Пелазгава[27] зямля іх пахавае целы,
Калі жанчыны падпільнуюць іх уночы,
I кожная свайго зарэжа мужа,
Крывёй запэцкаўшы лязо мяча двайнога.
Хай ворагам маім Кіпрыда[28] так адпомсціць!
Але адна з дзяўчын[29] — палонніца кахання —
Забіць не здолее свайго каханка-мужа,
Займее славу баязліўкі — не забойцы.
I ад яе славуты род цароў пачнецца
У Аргасе... Ды падрабязнасці — расказваць доўга.
Галоўнае, што з таго роду выйдзе
Стралок-лучнік, які мяне ад болю
I ад пакут тых вызваліць навечна.
Мне гэта ўсё Феміда прадказала — маці
Тытанава старая. Як і што пры гэтым будзе —
Занадта доўга гаварыць і — без патрэбы.
Iо
Ах, гора, гора!
Ізноў востры боль мяне працінае
I мучаюць прыступы шалу,
I пякучым, як жалеза, джалам
Джаліць мяне авадзень!
Ад жаху стукае сэрца ў грудзях,
Вочы вылазяць з арбіт;
Вар’яцтва шалёная навальніца
Некуды гоніць мяне, язык мой нямее.
Патанае ў хвалях жахлівай хваробы
Маё збянтэжанае лапатанне...
Яна бяжыць прэч.