реклама
Бургер менюБургер меню

Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 34)

18

— Mas cafe[23], — звярнулася міс Элен Ярнэл да ганарлівай афіцыянткі.

Міс Элен даводзілася і раней падарожнічаць, таму яна ведала, як дамагчыся, каб цябе абслужылі ў замежных краінах.

— I max caliente[24], — дадала місіс Тругуд, самая старэйшая, якой у Мехіка раніцай было холадна.

Міс Люсі Брэм не сказала ні слова. Яна зірнула на гадзіннік — ці не час ужо з'явіцца Марыа.

Афіцыянтка бразнула аб стол металічным кафейнікам з цеплаватай кавай.

— Як ты думаеш, Люсі, — спытала Элен, — можа, варта было б выклікаць Марыа сёння раней? Ён мог бы адвесці нас куды-небудзь, дзе на снеданне падалі б нешта смачнае і гарачае.

— Марыа і так аказвае нам дастаткова паслуг. — Міс Люсі крыху пачырванела, калі загаварыла пра маладога гіда-мексіканца. Пачырванела таму, што сяброўкі кпілі з яе праз гэтага Марыа, а яшчэ таму, што яна якраз падумала пра яго дужыя, па-мексіканску грубыя ногі, якія яна бачыла ўчора, калі Марыа катаў іх на лодцы па плаваючых садах Ксачымілька.

Міс Люсі Брэм, відаць, за ўсе пяцьдзесят два гады свайго добрапрыстойнага жыцця старой дзеўкі ў квакерскім асяроддзі не думала пра мужчынскія ногі (тым болей у час снедання). Гэта была яшчэ адна трывожная прыкмета той змены, якая адбывалася з ёю пасля прыезду ў Мексіку месяц назад. Змена, відаць, адбылася на самай справе раней, калі пасля смерці хворага бацькі яна раптам зрабілася страшэнна багатай дзякуючы як фінансавым абавязацельствам, па якіх яна атрымоўвала дывідэнды, так і свабодзе ад усялякіх абавязкаў. Але міс Люсі зразумела гэтай пазней, тут, у Мексіцы, у той дзень, калі знайшла ў Таска Марыа.

Той дзень для міс Люсі быў, відаць, самы багаты на падзеі з усяго яе новага жыцця тут, у Мексіцы. Пачуццё свабоды, якое па-ранейшаму бянтэжыла яе ўраўнаважаную душу, абудзілася разам з ёю ў запоўненым сонцам гатэльным нумары. Яно лунала над ёю ў час снедання, калі жанчыны сядзелі ў дворыку гатэля (яна ўпотай аплочвала ўсе выдаткі). Гэта пачуццё не маглі прыглушыць ні скаргі Веры наконт халоднага горнага паветра, ні снабісцкія заўвагі вопытнай турысткі Элен пра тое, што ў Таска ўсё так міла, але далёка не так маляўніча, як у горных мястэчках Тасканіі.

Міс Люсі, якая, апрача Філадэльфіі і Бар-Харбар, нічога не бачыла, ружовыя вышчарбленыя ветрам дахі і такія ж ружовыя стромкія цэрквы Таска здаваліся неверагодным здзяйсненнем мары. «Ружова-чырвоны горад з узростам у палову ад вечнасці...»

Няўрымслівая радасць ад «замежжа», ад уласнай незалежнасці дасягнула вяршыні, калі яна ўбачыла пярсцёнак.

Яна ўбачыла яго ў адной невялічкай крамцы, дзе прадаваліся вырабы з срэбра, непадалёк ад цяністай гарадской плошчы. Пярсцёнак прыцягнуў да сябе ўвагу міс Люсі, калі Вера і Элен таргаваліся з уладальнікам з-за шпількі з відарысам асляняці. Як на яе квакерскі густ, выхаваны на адмаўленні ўсяго кідкага, пярсцёнак паказаўся амаль што вульгарным. Вялікі бліскучы сапфір белага колеру на тонкай палосцы срэбра. Але ў дзёрзкім бляску было нешта спакушальнае. Міс Люсі прымерыла пярсцёнак на палец, і той зіхатнуў ёй у вочы водблескам сонца. У выніку матчын строгі заручальны пярсцёнак, які быў, відаць, разоў у пяцьдзесят даражэйшы, адразу пабляк і зрабіўся непрыкметным. Міс Люсі ахапіла бязмежная весялосць, але потым яна засаромелася. Паспешліва зірнуўшы на апранутыя ў чорныя паліто постаці Веры і Элен, яна паспрабавала зняць пярсцёнак з пальца.

Пярсцёнак не здымаўся. І пакуль яна вось так змагалася з гэтым пярсцёнкам, да яе падышлі Вера і Элен і пачалі разглядаць яго, ускрыкваючы ад захаплення.

— Божа, Люсі, які міленькі!

— Ну чым не заручальны пярсцёнак!

— Не гаварыце глупства, — пачырванела міс Люсі. — Я занадта старая для яго. Проста прымярала. Здаецца, мне не ўдасца... — Яна зноў пачала сцягваць пярсцёнак. Побач закруціўся мексіканец — уладальнік крамы і замурлыкаў кампліменты.

— Давай, Люсі, — падбухторыла Элен. — Купляй!

— Ну, сапраўды, гэта ўжо здаецца недарэчным. Але таму што я, відаць, не здолею яго зняць, давядзецца...

Міс Люсі купіла пярсцёнак з белым сапфірам і заплаціла суму нашмат большую за яго сапраўдны кошт, але для яе нязначную. Пакуль Элен, якая вяла ўсе фінансавыя справы ў час падарожжа — бо была наконт гэтага «такая разумная», — разбіралася з уладальнікам крамы, міс Люсі сказала Веры:

— Калі вернемся ў гатэль, я здыму яго з мылам і вадой.

Але яна так і не зняла пярсцёнка. Нейкім чынам на ім засяродзілася адчуванне трывожнага шчасця, якое ўзнікла зусім нядаўна.

У Таска энергія міс Люсі здавалася невычэрпнай. У той дзень, перад вячэрай, пакуль Вера і Элен заставаліся ў сваіх нумарах, каб даць адпачынак стомленым да ламаты нагам, яна вырашыла вярнуцца ў царкву Санта-Прыска, што ўзвышалася над гарадской плошчай. Першае наведванне царквы было сапсавана пераказам спадарожніцамі турыстычнага даведніка. Ёй хацелася пабыць адной у гэтым халодным змрочным будынку, адчуць яго атмасферу вельмі непадобную на простую набожнасць, што панавала ў доме, дзе збіраліся квакеры, там, у Філадэльфіі.

Калі міс Люсі прайшла праз некалькі драўляных дзвярэй, усярэдзіне шыкоўным бляскам пазалоты яе прывітаў фантастычнай прыгажосці алтар, выкананы ў стылі гішпанскага барока і аздоблены пазалочанымі кветкамі і херувімамі. Старая сялянка, захутаная ў чорнае, ставіла перад абразом Панны Марыі свечку, якая ўжо пачынала аплываць. У царкву прашмыгнуў дварняк, пакруціўся і выбег на вуліцу. Веліч храма ў спалучэнні з вось такімі дэталямі паўсядзённага жыцця дзіўным чынам паўздзейнічалі на міс Люсі. Усё гэта сімвалізавала тое, што было на яе погляд «папскім» і чужародным, тым не меней, здаецца, менавіта гэта і вабіла яе. Паддаючыся імкненню, якое яна ўсвядоміла толькі напалову, міс Люсі ўкленчыла за прыкладам той самай сялянкі, перажагналася, і ад сапфіра ў пярсцёнку разышліся водблескі, гэткія ж экзатычныя, як і сама царква.

Міс Люсі нядоўга стаяла на каленях, але яшчэ да таго, як узняцца, адчула прысутнасць некага вельмі блізка ад сябе, з правага боку. Яна азірнулася і ўбачыла, што ў царкву зайшоў і ўкленчыў усяго за некалькі метраў ад яе юнак-мексіканец у бездакорна белым гарнітуры, з набожна схіленай галавой, на якой пераліваліся густыя валасы. Калі міс Люсі ўстала, іх позіркі сустрэліся. Сустрэліся толькі на адзін момант, але яна запомніла жывы выраз твару юнака. Твар колеру мёду і вочы — асабліва вочы — чорныя і спакойныя, з іх лагоднай і пакорлівай красой. У выніку кароткага кантакту ёй здалося, што яна зазірнула ў душу гэтага дзіўнага горада з яго дзіўнымі жыхарамі. Успамінаючы пасля гэтага юнака, яна падумала, што яе імпульсіўнае кленчанне было ў нейкай ступені вельмі адпаведным учынкам. Але, вядома, яна ніколі не раскажа пра гэта Веры і Элен.

Міс Люсі выйшла з царквы ў радасным настроі, гатовая адразу ж сесці за вячэру. Ужо змяркалася, і калі яна, мінуўшы шумлівую Ксакала, пайшла па пустой вуліцы, што вяла да гатэля, зрабілася цёмна, амаль як ноччу. Крокі міс Люсі па няроўным бруку нязвыкла адгукаліся рэхам. Яно, здавалася, падкрэслівала яе адзіноту. Да міс Люсі пачала набліжацца постаць чалавека — мужчыны, які, хістаючыся, спускаўся з пагорка ў яе бок. Міс Люсі была не з баязлівых, але, адчуўшы халадок трывогі, зразумела, што незнаёмец п'яны. Яна азірнулася. Апрача іх, навокал не было нікога. Міс Люсі адчула слабае імкненне вярнуцца да Ксакала, але яна заглушыла яго. Як-ніяк яна — амерыканка, і ніхто не асмеліцца крануць яе. Міс Люсі рашуча пакрочыла наперад.

Але зярняты страху былі пасеяны, і, калі міс Люсі параўнялася з незнаёмцам, той зірнуў з-пад ілба і нахіліўся ў яе бок. Твар мужчыны быў няголены, вопратка — абтрапаная, акрамя таго, ад яго моцна патыхала тэкілай[25].

Незнаёмец пачаў хутка гаварыць па-гішпанску, але міс Люсі не магла нічога разабраць. Яна разумела, што ён жабруе, але прывучаная да арганізаванай дапамогі бедным, адносілася да жабракоў на вуліцы без спачування. Міс Люсі адмоўна пахітала галавой і паспрабавала прадоўжыць шлях. Але брудная рука не адпускала рукава паліто і ціхае скуголенне працягвалася. Міс Люсі вызваліла руку больш рашуча, чым нават хацела. У вачах у мужчыны з'явілася злосць. Ён абурана ўзняў руку.

Хоць, відавочна, ён не збіраўся ўдарыць міс Люсі, але тая інстынктыўна адхінулася — у выніку абцас чаравіка зашчаміўся паміж камянямі бруку, і яна даволі няўклюдна павалілася на зямлю. Там і засталася ляжаць з вывернутай нагой, а мужчына пагрозліва стаяў проста над ёй.

На нейкі момант міс Люсі ахапіла паніка — сляпы, усеабдымны жах, абсалютна беспадстаўны, улічваючы ўсю вартую смеху недарэчнасць сітуацыі.

І тут з цемры з'явіўся яшчэ адзін чалавек. Стройны мужчына ў белым гарнітуры.

Міс Люсі не магла распазнаць яго ў твар, але ведала, што гэта той самы юнак, з якім яна сустрэлася ў царкве. У цемры ўскінуўся белы рукаў і адпіхнуў жабрака.

Міс Люсі ўбачыла, як жабрак падаўся назад і зашоргаў прэч, буркаючы сабе нешта пад нос. Потым адчула, як да яе наблізіўся малады твар, а моцная рука дапамагла ёй узняцца. Яна не магла зразумець, што гаварыў яе збавіцель, але голас у яго быў лагодны і спагадлівы.

— Que malo[26], — сказаў ён, усміхнуўшыся ўслед жабраку. — Malo Mexicano[27]. — У месячным святле бліснулі белыя зубы. — Я — Марыа, з царквы, так? Я дапамагаць сеньёра, не?