Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 33)
Вулф звярнуўся да інспектара, які сядзеў ззаду каля вялікага глобуса:
— Калі вы не супраць, містэр Крэймер, перш я высветлю адно невялікае пытанне, якое выходзіць за межы вашых інтарэсаў.
Крэймер кіўнуў галавой і паправіў тырчаўшую з рота сігару.
Вулф перавёў позірк на іншых прысутных.
— Я ўпэўнены, вам будзе прыемна пачуць наступнае. Але трэба сказаць, што я прыйшоў да такой высновы не таму, каб спецыяльна парадаваць вас. Я вывучыў толькі сутнасць справы. Не кранаючы юрыдычнага статуса місіс Міён, я лічу, што маральна яна не мае падстаў для іску супраць містэра Джэймса. Як я сцвярджаў раней, місіс Міён пагаджаецца з маёй думкай. Яна не прад'яўляе іску і не патрабуе кампенсацыі. Вы пацвярджаеце гэта ў прысутнасці сведак, місіс Міён?
— Безумоўна, — Пегі збіралася нешта дадаць, але ў самы апошні момант спынілася.
— Цудоўна! — ускочыла з крэсла Адэль Бослі. — Магу я патэлефанаваць з вашага тэлефона?
— Пазней, — асек як Вулф. — Сядайце, калі ласка.
— Мне здаецца, — заўважыў суддзя Арнольд, — што гэта можна было паведаміць нам і па тэлефоне. Я мусіў адмяніць важную сустрэчу. — Адвакатам цяжка дагадзіць.
— Даволі слушная заўвага, — пагадзіўся Вулф памяркоўным тонам, — калі б гэта было ўсё. Але застаецца пытанне, звязанае са смерцю Міёна. Калі я…
— Якое яна мае да гэтага дачыненне?
— Якраз гэта я і збіраюся вам паведаміць. Безумоўна, гэта не старонняе пытанне, бо яго смерць была вынікам, хоць і ўскосным, гвалтоўных дзеянняў з боку містэра Джэймса. Але сфера маіх інтарэсаў не абмяжоўваецца толькі гэтым. Місіс Міён звярнулася да маіх паслуг не толькі таму, каб вырашыць пытанне аб іску, прад'яўленым яе мужам містэру Джэймсу — гэтае пытанне ўжо закрыта, — але і таму, каб расследаваць справу аб смерці мужа. Яна была ўпэўнена, што ён не скончыў самагубствам. І не магла паверыць, улічваючы характар містэра Міёна, што ён быў здольны на самагубства. Я правёў расследаванне і гатовы паведаміць ёй вынікі.
— Навошта мы тут? — віскнуў Руперт Тлушч.
— Мне патрэбен нехта адзін. Патрэбен забойца.
— І ўсё ж менавіта мы не патрэбны, — сурова заўважыў Арнольд.
— Чорт! — раўкнуў Вулф. — Ідзіце! Усе, акрамя аднаго. Ідзіце.
Ніхто не зварухнуўся.
Вулф пачакаў пяць секунд.
— Ну, тады будзем працягваць, — суха прамовіў ён. — Як я ўжо казаў, я гатовы паведаміць вынікі, але расследаванне пакуль не завершана. Для высвятлення адной вельмі важнай дэталі патрэбна афіцыйная санкцыя, і таму тут прысутнічае інспектар Крэймер. Адначасова спатрэбіцца садзейнічанне з боку місіс Міён, акрамя таго, лічу мэтазгодным атрымаць кансультацыю ад доктара Лойда, бо менавіта ён падпісаў пасведчанне аб смерці. — Вулф перавёў позірк на Пегі. — Пачнём з вас, мадам. Вы дадзіцё згоду на эксгумацыю цела вашага мужа?
— Навошта? — спытала місіс Міён, здзіўлена глянуўшы на Вулфа.
— Каб атрымаць доказы таго, што яго забілі, і высветліць, хто быў забойца. І на гэта ёсць даволі важкія падставы.
— Так. Мне ўсё роўна, — сказала Пегі ўжо без здзіўлення ў голасе. Яна падумала, што ён сказаў гэта проста так.
Вулф перавёў позірк улева.
— Вы не супраць, доктар Лойд?
Лойд разгубіўся.
— Не ведаю, — паволі і выразна адказаў ён, — куды вы хіліце, але як бы там ні было, ад мяне нічога не залежыць, я проста выпісаў пасведчанне.
— Значыць, вы не будзеце супраць. Містэр Крэймер, падстава для просьбы аб афіцыйнай санкцыі з'явіцца праз момант, але павінен вам сказаць, што абследаванне і даклад павінен зрабіць доктар Абрахам Рэнтнер са шпіталя «Гара Сінай».
— Эксгумацыя не праводзіцца толькі таму, што вам гэта цікава, — прабурчаў Крэймер.
— Вядома. Але справа не ў маёй асабістай цікаўнасці. — Вулф абвёў позіркам прысутных. — Усе вы, я лічу, ведаеце, што адна з асноўных прычын, і, відаць, нават галоўная, што легла ў аснову заключэння паліцыі наконт таго, што Міён скончыў самагубствам, былі абставіны надыходу смерці. Безумоўна, неабходнай была наяўнасць і іншых дэталяў — напрыклад, прысутнасць рэвальвера каля цела, — і ўсе гэтыя дэталі аказаліся адпаведнымі. Але вырашальным фактарам было тое меркаванне, што чалавека нельга забіць, засунуўшы яму ў рот дула і націснуўшы на курок, не пазбавіўшы перш прытомнасці, а ніякіх прыкмет таго, што быў нанесены ўдар ці ўжываліся лекавыя прэпараты — не было. Такое меркаванне звычайна аказваецца абгрунтаваным, але менавіта гэты выпадак аказаўся выключэннем. Гэта мне прыйшло ў галаву адразу пасля таго, як місіс Міён першы раз прыйшла да мяне па кансультацыю. Паколькі там прысутнічала… але я прадэманструю вам гэта шляхам простага эксперыменту. Арчы, дайце мне рэвальвер.
Я выцягнуў трэцюю шуфляду стала і ўзяў адтуль рэвальвер.
— Зараджаны?
— Не, сэр, — адказаў я, шчоўкнуўшы затворам.
Вулф зноў звярнуўся да прысутных.
— Думаю — вось вы, містэр Джэймс. Як оперны спявак вы павінны ўмець выконваць аўтарскія рэмаркі. Устаньце, калі ласка. Справа сур'ёзная, так што рабіце ўсё належным чынам. Вы — пацыент, у якога баліць горла, а містэр Гудвін — ваш доктар. Ён папросіць вас адкрыць рот, каб мець магчымасць агледзець горла. Вы павінны зрабіць тое, што на самай справе зрабілі б у такіх абставінах. Калі ласка.
— Але ж гэта і так ясна, — сказаў з пахмурным выглядам Джэймс, падымаючыся з крэсла. — Лічу, што няма ніякай патрэбы.
— Тым не меней зрабіце мне ласку. Тут ёсць адна дэталь. Пастарайцеся зрабіць гэта як мага натуральней.
— Так.
— Добра. А вы ўсе назірайце за тварам містэра Джэймса. Уважліва. Пачынайце, Арчы.
Паклаўшы рэвальвер у кішэню, я падышоў да Джэймса і загадаў яму шырока адкрыць рот. Той павінаваўся. На нейкі час, калі я пачаў аглядаць горла, яго вочы сустрэліся з маімі, а потым закаціліся. Не спяшаючыся, я ўзяў з кішэні рэвальвер і ўставіў у рот Джэймса, сунуўшы дула да самага паднябення. Джэймс таргануўся назад і асеў у крэсла.
— Вы бачылі рэвальвер? — спытаў Вулф.
— Не. Мае вочы былі скіраваны ўгору.
— Вось так, — Вулф зірнуў на іншых прысутных. — Вы бачылі, як у яго вочы закаціліся? Так здараецца заўсёды. Калі-небудзь паспрабуйце праверыць на сабе. Я паспрабаваў у сваёй спальні ў нядзелю вечарам. Так што нельга сказаць, што зусім немагчыма забіць чалавека вось такім чынам. Гэта нават не цяжка, калі вы яго доктар і ў яго штосьці не ў парадку з горлам. Вы згодны, доктар Лойд?
Доктар Лойд не далучыўся, як іншыя, да ўдзелу ў эксперыменце і нават не зірнуў на Джэймса. Твар яго заставаўся каменным. Толькі ледзь прыкметна дрыжэў падбародак.
Доктар прыклаў усе намаганні, каб усміхнуцца.
— Дэманстрацыя магчымасці здарэння, — сказаў ён даволі мілагучным голасам, — гэта не доказ, што яно адбылося.
— Сапраўды, гэта не доказ, — пагадзіўся Вулф. — Хоць нам і вядомы некаторыя факты. У вас няма пераканаўчага алібі. Міён пусціў бы вас у сваю студыю ў любы час без ніякіх пытанняў. Вы маглі з лёгкасцю ўзяць рэвальвер з падстаўкі бюста Каруза і непрыкметна сунуць у кішэню. Вам, як нікому іншаму, у адказ на просьбу ён бы шырока раскрыў рот, як бы тым самым павінуючыся прыгавору лёсу. Яго забілі неўзабаве пасля таго, як вы былі вымушаны дамовіцца наконт прыёму з доктарам Рэнтнерам, каб той агледзеў містэра Міёна. Нам вядомы адпаведныя факты, ці не так?
— Яны нічога не даказваюць, — не здаваўся доктар Лойд.
Яго голас быў ужо не такі мілагучны. Ён устаў з крэсла. Здавалася, яго цела выйшла з-пад кантролю, пэўна, ён проста не мог больш сядзець у крэсле, і яго мускулы дзейнічалі самі па сабе. Тым самым ён зрабіў памылку, бо, як толькі ўстаў, адразу ўвесь закалаціўся.
— Але яны дапамогуць, — адказаў яму Вулф, — калі мы атрымаем яшчэ адзін факт, і мне здаецца, што нам гэта ўдасца, бо з чаго б вам так калаціцца? У чым была справа, доктар? Якая-небудзь недарэчная памылка? Вы што, напартачылі ў час аперацыі і навечна загубілі яго голас? Думаю, што атрымалася менавіта так, паколькі пагроза вашай рэпутацыі і кар'еры была настолькі сур'ёзная, што вы мусілі пайсці на забойства. Як бы там ні было, хутка мы аб гэтым даведаемся, калі доктар Рэнтнер правядзе абследаванне і падрыхтуе даклад. Я не спадзяюся, што вы прадставіце…
— Ніякай памылкі не было! — завішчаў Лойд. — Такое магло здарыцца з кожным…
Тым самым ён сапраўды зрабіў памылку. Думаю, што ён канчаткова страціў розум, пачуўшы свой голас і зразумеўшы, што перайшоў на істэрычны віск і больш не валодае сабой.
Доктар кінуўся да дзвярэй.
Я пабег услед за ім, збіў з ног суддзю Арнольда, і дарэмна, бо, пакуль я дабег да дзвярэй, доктара Лойда ўжо трымаў за каўнер Перлі Стэбінс, там жа быў і Крэймер.
Пачуўшы ззаду нейкі шум, я азірнуўся і ўбачыў: як Клара Джэймс з лямантам кінулася да Пегі Міён, выкрыкваючы нешта такое, што я не мог разабраць, але бацька і Адэль Бослі спынілі яе і пачалі супакойваць. Суддзя Арнольд з Рупертам Тлушчам з імпэтам хвалілі Вулфа за тое, што ў яго ўсё так цудоўна атрымалася. Пегі, відаць, румзала, бо плечы яе калаціліся, але твару яе я не бачыў, бо яна ўваткнулася ім у плячо Фрэда, і той моцна абдымаў яе.
Паколькі мяне ніхто не шукаў і нікому я не быў патрэбны, я пайшоў у кухню, каб выпіць шклянку малака.
Патрык Квенцін
Да міс Люсі прыходзіць каханне
Жанчыны сядзелі за сталом, сервіраваным для снедання. Іх чорныя паліто — такія звычайна носяць турысты ў Мексіцы — былі накінуты на плечы. Яны выглядалі менавіта так, як і павінны выглядаць жанчыны сярэдніх год з самых арыстакратычных прыгарадаў Філадэльфіі.